Спадарыня сталага веку: «Можна ўтрымацца. Салата, гародніна, садавіна. І бязь мяса можна абысьціся. Трэба ачышчаць душы свае грэшныя. Дужа нада».
Спадарыня: «Можна сказаць, што не. Я старалася, спрабавала, але ў мяне гэта не атрымалася. Лічу, што гэта не маё пакуль. Я да гэтага не прыйшла. Я толькі мо іду да гэтага. Але калі чалавек глыбокі і палка ў гэта верыць, гэта трэба рабіць».
Спадарыня: «Тут галоўнае — мець унутранае перакананьне, унутраную веру, таму мяне нічога не спакушае. Абсалютна. Цяпер стала модна пасьціць. Таму гэта справа кожнага».
Спадарыня сталага веку: «Як калі ўдаецца. Даруй мне Божа. Але калі Богам так дадзена — значыць, і павінна быць гэтак».
Спадар: «Калі я маральна падрыхтаваны, дык я магу. Было такое. Гэта ж пытаньне чыста рытуальнае. Але пасьля гэтага зусім іншае адчуваньне жыцьця».
Спадарыня сталага веку: «Не заўжды, але атрымліваецца. Цяжка. Але пакутаваў сам Гасподзь Бог, дык і нам трэба трымацца і пасьціць. Спрабаваць, каб атрымалася».
Малады спадар: «Я стараюся, бо гэта наш дар Хрысту. Богу ж нешта трэба і аддаць. Ня толькі ж прасіць. Мы людзі слабыя ўсе, але ж...»
Спадарыня: «У мяне не выходзіць. Ёсьць такі добры выраз: „Не бывае недасяжных мэтаў, але ёсьць вялікі каэфіцыент ляноты, запасу адгаворак ды недахоп кемлівасьці“. Вось мы гэтым сябе і апраўдваем. Кажам, што мне няма часу нешта зрабіць. Дык вось гэта прычына асноўная».
Спадарыня сталага веку: «Мая мама пасьціла, але я — не. Здароўе не дазваляла. Але ж трэба пасьціць, каб ачысьціць арганізм. Мы ж усё-ткі харчуемся тлустай ежай. А калі пост, дык гэтага нельга».
Спадарыня сталага веку: «А хто як хоча, гэтак няхай і робіць. Я ўсё поснае ем, дык таму і такая худзенькая».
Спадар: «У мяне не атрымліваецца. У мяне фізычная праца цяжкая, а не паясі — яе ня зробіш».
Маладая спадарыня: «У мяне не атрымліваецца. Але, мне здаецца, не галоўнае пасьціць — нешта ня есьці, а, каб чалавек быў душой чысты. Адкрыты Царкве».
«Дзетачкі, галоўнае, адзін аднаго ня ешце»
Лінгвіст і тэоляг Ірына Дубянецкая пракамэнтавала Свабодзе выказваньні людзей адносна посту ў Новы год:
«Беларусы — адзіны народ, які двойчы сьвяткуе гэтыя сьвяты. Першыя Каляды па грыгарыянскім календары адбываюцца перад Новым годам і не ствараюць ніякіх праблемаў для сьвяткаваньня Новага году. А для тых вернікаў, якія сьвяткуюць па юліянскім календары, відаць, ёсьць два выйсьці. Адно — гэта і Новы год сьвяткаваць па юліянскім календары. Альбо, калі хочацца сьвяткаваць Новы год па грыгарыянскім календары, так званы грамадзянскі Новы год, можна рабіць шыкоўны, багаты і смачны стол, але посны. Галоўная вячэра паводле старажытнай беларускай традыцыі, куцьця, якая адбываецца якраз у ноч перад Раством, якраз посная. Яна складаецца з 12 страў.
Але тут самае галоўнае памятаць, што і ў пост, і ў сьвята галоўнае ўстрымлівацца ад нядобрых словаў, думак і паводзінаў. І галоўнае — падтрымліваць у сабе, як і ў пост, так і ў сьвята, любоў, добразычлівасьць, дабрыню ў адносінах і пабожнасьць. І калі чалавек адчувае, што ён хоча пасьціцца, але не можа, трэба з пакорай прыняць сваю слабасьць і паспрабаваць рабіць гэта далей. Разам усе ўдзельнікі стала могуць перад сталом памаліцца і адчуць надыход сьвята — і сьвята прыйдзе. Бо самае галоўнае ў посьце — гэта не ўстрыманьне ад ежы, а менавіта ўстрыманьне ад нядобразычлівасьці, ад нядобрых думак. Таму ў кожным выпадку можна знайсьці пабожнае выйсьце. А калі не атрымліваецца, то чалавек прызнае, што яму ёсьць куды расьці: калі не атрымліваецца сёньня, атрымаецца налета. Калі ёсьць такое жаданьне.
Адзін вельмі мудры сьвятар, калі ў яго пыталіся, чаго нельга есьці ў пост, казаў: «Дзетачкі, галоўнае адзін аднаго ня ешце». Насамрэч устрыманьне ад жывёльнай ежы — гэта не галоўны складнік посту. Ён самы значны. Але самае галоўнае, што адбываецца ў пост, — гэта духоўная, унутраная настройка. Гэта духоўнае ачышчэньне. А цялеснае ачышчэньне, устрыманьне ад жывёльнай ежы, дапамагае духоўнаму ачышчэньню. Галоўнае — гэта настройка, каб увесь наступны год пражыць з Богам, у любові са сваімі блізкімі, у гармоніі і міры з самім сабой, з сусьветам. Гэта тое, дзеля чаго пасты наогул ёсьць.
Як кажуць у народзе, якія мы, беларусы, шчасьлівыя! Ва ўсіх людзей Хрыстос нараджаецца адзін раз, а ў нас — двойчы!"