Кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка надрукаваў у газэце «СБ. Беларусь сегодня» сваю перадвыбарчую праграму.
«Па сутнасьці, сёньня перад краінай усяго два шляхі. Адзін шлях наперад — да захаваньня стабільнасьці і парадку, свабоды і незалежнасьці. Гэта шлях адзінства і згоды, разьвіцьця і прагрэсу. Гэта шлях міру і стварэньня. Іншы шлях назад — да смуты і хаосу „дзевяностых“, бандыцкага капіталізму і дзяльбы ўласнасьці, да аслабленьня дзяржавы і страты незалежнасьці. Гэта шлях рэвалюцыі, крыві і вайны», — піша Лукашэнка ў сваёй праграме.
Паводле Лукашэнкі, незалежнасьць Беларусі «ня ўсім па душы»:
«Наша зямля і наш здабытак, створаны працай усяго народа, па-ранейшаму вабяць аматараў лёгкай нажывы. Таму перш за ўсё мы павінны абараніць тое, што ўжо створана».
У праграме адзначаецца, што Аляксандар Лукашэнка як кіраўнік дзяржавы бачыць для сябе пяць галоўных задач: забясьпечыць свабоду і незалежнасьць Беларусі, захаваць мір і парадак у краіне, даць кожнаму чалавеку магчымасьць зарабіць на годнае жыцьцё сваёй працай, разьвіваць Беларусь як сацыяльную дзяржаву, а таксама «рабіць усё, каб прывесьці Беларусь у групу самых перадавых краін сьвету».
Аляксандар Лукашэнка вылучыў тры стратэгічныя мэты: занятасьць, экспарт, інвэстыцыі.
Эканамічная праграма новай пяцігодкі будзе грунтавацца на пяці ключавых прынцыпах:
— барацьба з інфляцыяй і ростам цэнаў,
— новыя падыходы да мадэрнізацыі эканомікі,
— эфэктыўнае дзяржаўнае кіраваньне,
— прыцягненьне інвэстыцыяў, падтрымка малога і сярэдняга бізнэсу,
— адкрытасьць глябальнаму сьвету і пабудова эканомікі ведаў.
Лукашэнка абяцае ўмацаваць давер да беларускага рубля і падтрымліваць золатавалютныя рэзэрвы на бясьпечным узроўні, змагацца з манапалізмам і не дапускаць росту цэнаў, а таксама скараціць зьнешні дзяржаўны доўг.
У сфэры дзяржаўнага кіраваньня Лукашэнка абяцае ўдасканаліць падбор дзяржаўных службоўцаў, радыкальна скараціць залішнія, дублюючыя функцыі дзяржаўных органаў, падзяліць функцыі дзяржавы як уласьніка і рэгулятара. Асабліва зьвяртае на сябе ўвагу абяцаньне пашырыць паўнамоцтвы і сфэру адказнасьці парлямэнту, а таксама органаў мясцовага кіраваньня і самакіраваньня.
Лукашэнка абяцае гарантаваць права прыватнай уласнасьці, разьвіваць паўнавартасны фінансавы рынак, лібэралізаваць рух капіталу, а таксама ўвесьці пяцігадовую забарону на павышэньне старых і ўвядзеньне новых падаткаў. «Любыя зьмены падаткаў — толькі ў бок зьмяншэньня і спрашчэньня», — запэўнівае Лукашэнка.
У сацыяльнай сфэры Лукашэнка абяцае стварыць сыстэму даступнага іпатэчнага крэдытаваньня, захаваць даступнасьць мэдыцыны і адукацыі, разьвіваць ахову здароўя і ўдасканальваць сыстэму адраснай сацыяльнай дапамогі.