Задоўга да выбараў у Палату прадстаўнікоў незалежныя выданьні пачалі рабіць прагнозы па пераможцах. 13 ліпеня свае прагнозы апублікавала «Наша Ніва», 12 жніўня — «Эўрарадыё», 16-га прагноз па Менску апублікаваў Tut.by.
«Аналізуючы сьпіс кандыдатаў у дэпутаты і іх пасады, лёгка прадказаць сьпіс будучых дэпутатаў. Важная не папулярнасьць ці якасьць кампаніі — важная пасада. Ад 1996 году дэпутатамі Нацыянальнага Сходу ў Беларусі станавіліся толькі асобы, ухваленыя Адміністрацыяй прэзыдэнта. Сыстэма працуе бяз збояў», — пісала «Наша Ніва» яшчэ ў прагнозе на выбары-2012, на гэтыя словы спасылалася і ў прагнозе-2016.
Прагноз «Нашай Нівы» аказаўся найбольш блізкі да агучаных у ноч на 12 верасьня папярэдніх вынікаў: выданьне «не адгадала» толькі 4 дэпутатаў са 110. «Эўрарадыё» склала свой сьпіс, «карыстаючыся пачуцьцём прафэсійнай інтуіцыі», і «не адгадала» 9 дэпутатаў са 110. Tut.by рабіў прагноз толькі па Менску і не адгадаў 3 з 20.
Поўны сьпіс пераможцаў, паводле папярэдніх вынікаў і прагнозаў выданьняў: файл XLS.
Дзе памыліліся:
Акруга № 1: Перамог Леанід Брыч, гендырэктар ААТ «Берасьцейскі пекар». Не адгадала «Эўрарадыё», якое ставіла на Алену Яршову, намесьніцу начальніка аддзелу адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёну Берасьця.
Акруга № 13: Перамог Ігар Невар, галоўны лекар Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы. Не адгадала «Эўрарадыё», якое ставіла на Юрыя Сушко, кіраўніка гранітнага кар'еру «Мікашэвічы».
Акруга № 70: Перамагла Алена Анісім, намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы. Не адгадала «Эўрарадыё», якое ставіла на Натальлю Маслоўскую, дырэктарку Навасёлкаўскага навучальна-педагагічнага комплексу «дзіцячы сад — сярэдняя школа».
Акруга № 76: Перамог Мікалай Улаховіч, намесьнік старшыні Менаблспажыўсаюзу. Не адгадала «Эўрарадыё», якое ставіла на Васіля Задняпранага, старшыню Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці.
Акруга № 88: Перамог Анатоль Хішчанка, намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі. Не адгадала «Эўрарадыё», якое ставіла на Натальлю Тарасенку, намесьніцу дырэктара Кадзінскай сярэдняй школы.
Акруга № 89: Перамог Аляксандар Багдановіч, трэнэр спартовай каманды ўнутраных войскаў МУС, уладальнік золата Алімпіяды-2008 і срэбра Алімпіяды-2012 у каноэ-двойках. Не адгадалі «Эўрарадыё» і «Наша Ніва», якія ставілі на Мікалая Калтунова, дэпутата Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня.
Акруга № 97: Перамагла Ганна Канапацкая, прадпрымальніца з АГП. Не адгадалі «Наша Ніва», «Эўрарадыё» і Tut.by, якія ставілі на Аляксандра Дрожжу, начальніка станцыі «Менск-Пасажырскі».
Акруга № 104: Перамог Міхаіл Мілаванаў, намесьнік дырэктара Музэю гісторыі Менску. Не адгадаў Tut.by, які ставіў на Тацяну Самуйлік, намесьніцу гендырэктара па ідэалягічнай і сацыяльнай працы Беларускага пратэзна-артапэдычнага аднаўленчага цэнтру.
Акруга № 108: Перамог Максім Місько, старшыня праўленьня грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі фонд міру». «Наша Ніва», «Эўрарадыё» і Tut.by ставілі на Вадзіма Лакізу, намесьніка дырэктара Інстытуту гісторыі Акадэміі навук.
Акруга № 110: Перамагла Вольга Мычко, галоўны лекар ДУ «Лякарня паліятыўнага догляду „Хосьпіс“». «Наша Ніва» і «Эўрарадыё» ставілі на Ладу Захараву, дырэктарку гімназіі № 5.