Аляксандар Крывашэеў, больш вядомы як Аляксандар Памідораў, пачаў працаваць на радыё «Sputnik Беларусь», адным з адгалінаваньняў міжнароднага праекту Sputnik крамлёўскага прапагандыста Дзьмітрыя Кісялёва.
Як распавёў Памідораў карэспандэнту Свабоды, ён будзе весьці на радыё шэраг перадач супольна з кіраўніком дзяржаўнага ансамбля «Песьняры» Вячаславам Шарапавым.
«А што тут такога? — пытае Памідораў карэспандэнта Свабоды ў адказ на просьбу пацьвердзіць ці абвергнуць навіну. — Нікому не прыгадзіўся, а ім прыгадзіўся, дык што?
У мяне ёсьць свае ўласныя меркаваньні, безумоўна, свае ўласныя погляды. Але ўласныя погляды ня маюць ніякага дачыненьня да працоўнага месца. Гэта стары журналісцкі закон. А рэдакцыя цалкам беларуская. Калі вы ўважлівыя, можаце паглядзець беларускамоўную вэрсію рэсурсу „Sputnik Беларусь“. Я стаўлюся да гэтага як да працы на вяшчаньне».
На сёньня беларускае аддзяленьне Sputnik, адкрытае пры ўдзеле беларускіх уладаў, не было заўважанае за адкрытай антыбеларускай ці прарасейскай прапагандай. А што будзе рабіць Памідораў, калі беларускі Sputnik пачне антыбеларускую прапаганду, калі раптам зьявяцца публікацыі супраць незалежнасьці Беларусі?
«Я лічу, што цяпер вы вельмі некарэктна ставіце пытаньні, — адказвае Памідораў. — Вы спрабуеце разважаць ва ўмоўным ладзе, а так, я лічу, разважаць немагчыма. Рэдакцыя „Sputnik Беларусь“ цалкам беларуская, і я не магу адказваць за ўсю рэдакцыю, бо я займаюся сэктарам, які ўмоўна пакуль завецца радыё. І мы займаемся радыё, тым, што адбываецца ў нас у Беларусі, і ўсе тэмы, якія мы бярэм, тычацца толькі Беларусі».
* * *
Аляксандар Крывашэеў — журналіст, радыёвядоўца, шоўмэн і музыка. Пад псэўданімам Аляксандар Памідораў выступае ў складзе беларускамоўнага рок-гурту Pomidor/OFF, таксама ладзіць выступы з акустычным расейскамоўным праектам «Пьяные гости». Браў удзел у музычных праектах «Народны альбом», «Сьвяты вечар», «Я нарадзіўся тут» і іншых. Ад сьнежня 2006 году да верасьня 2008 году вёў праграму «Гукапіс» на Радыё Свабода.