Удзельнікі перамоў з боку Ірана і шасьці буйных дзяржаў правядуць 31 сакавіка ў швэйцарскай Лазане заключны дзень дыскусіі па ядзернай праблеме.
Бакі добраахвотна ўзялі на сябе абавязацельствы завяршыць размовы і заключыць рамачнае пагадненьне да канца сакавіка.
Вялікабрытанія, ЗША, Кітай, Нямеччына, Расея і Францыя імкнуцца ў абмен на зьняцьце эканамічных санкцый супраць Ірану атрымаць запэўніваньні Тэгерану, што ён не імкнецца да стварэньня ядзернай зброі.
Заходні дыплямат, які пажадаў застацца невядомым, сказаў 30 сакавіка, што незразумела, ці ўдасца бакам пасьпець заключыць пагадненьне да прызначанага тэрміну.
Сярод галоўных пытаньняў, якія абмяркоўваюць дыпляматы, — колькасьць цэнтрыфуг для ўзбагачэньня ўрану, якія Іран зможа пакінуць у працы, а таксама магчымы вываз з Ірана часткі ўрану. Найбольшыя дыскусіі зьвязаныя з працягласьцю любых абмежаваньняў па ядзернай дзейнасьці Ірана пасьля першых 10 гадоў, тэмпамі адмены санкцый ААН, а таксама аднаўленьнем санкцый, калі Тэгеран ня будзе прытрымлівацца ўзятых на сябе абавязацельстваў.
Бакі таксама плянуюць да канца чэрвеня заключыць замест рамачнага канчатковае пагадненьне па ядзернай праграме Ірана.