Павал Знавец, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня і паставіў свой подпіс пад імпічмэнтам Лукашэнку, ня будзе ўдзельнічаць у сёлетніх выбарах у Палату прадстаўнікоў:
— Сытуацыя дайшла да поўнага абсурду. Ужо і дзяржава не дае ніводнай капейкі кандыдатам на агітацыю. У нікчэмную Палату, якая ня мае ніякіх паўнамоцтваў, цяпер трэба абірацца яшчэ і за свой уласны кошт. Мне падаецца, што губляецца ўсялякі сэнс удзельнічаць у гэтым фарсе, у гэтай прафанацыі. А пра матывацыю я ўжо і не кажу.
— А што трэба было б зрабіць, каб дэмакратычныя сілы атрымалі стымул удзельнічаць у выбарчай кампаніі?
— Я бачу тры ўмовы, пры выкананьні якіх, можна было б вылучацца. Дзьве залежаць ад улады. Па-першае, яна адмяняе датэрміновае галасаваньне. Па-другое, падлік галасоў павінны бачыць усе назіральнікі і журналісты, каб з вынікаў не рабілі ніякай тайны. Гэтак было на першых прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе. Бяз гэтых элемэнтарных рэчаў, якія характэрныя для выбарчага права нават афрыканскіх краінаў, няма ніякага сэнсу ўдзельнічаць у выбарах.
Па-трэцяе, усе дэмакратычныя сілы павінны абʼяднацца і падзяліць паміж сабою ўсе 110 выбарчых акругаў. І ў кожнай толькі адзін апазыцыйны кандыдат змагаецца з прадстаўніком улады. Другога туру сёлета ня будзе. І таму тут можна ўступіць у бой у фармаце «адзін на адзін».
На гэтых умовах можна ісьці на выбары, змагацца за мандаты і спрабаваць дэмакратызаваць тую структуру, якую ўладу называюць парлямэнтам, а насамрэч яна ўжо даўно ператварылася ў філіял прэзыдэнцкай адміністрацыі.
— Гэта ваша асабістае меркаваньне, ці яго падтрымлівае і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), у кіраўніцтва якой вы ўваходзіце?
— Мы правялі нядаўна канфэрэнцыю сталічнай арганізацыі. Многія мяне падтрымалі. Але, з другога боку, супольна вырашылі не рабіць такі кардынальны падыход абавязковым для ўсіх партыйцаў. Вось, выступіў старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які заявіў, што хоча ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Дык, што мы яму забаронім? Не, канечне. Хай паспрабуе. Можа Лукашэнка яму і дазволіць прайсьці ў Палату. А калі нават і не, дык ад таго, што Трусаў будзе агітаваць за родную мову шкоды ніякай ня будзе. Наадварот, толькі карысьць.
Таму наша гарадзкая арганізацыя вырашыла ўзважана — не перашкаджаць тым, хто хоча паўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Я таксама прагаласаваў за гэта, хоць ня думаю, што раптам улады прынцыпова зьменяць хаду выбарчай кампаніі.