Беларускі музычны партал Tuzin.fm назваў намінантаў прэміі «Героі году». Пераможцы будуць названыя 12 сьнежня на канцэрце ў клюбе «Грай».
Прэтэндэнты на «Герояў году» наступныя:
Irdorath
Brutto
Стары Ольса
Re1ikt
Vuraj і Сяргей Доўгушаў
Лявон Вольскі
Šuma
Dzieciuki
На «Адкрыцьцё году» ж прэтэндуюць гурты Ferris Wheel, Intelligency, The Superbullz, Barrokka, Snop Snou і Sakramant, сьпевакі Рэй і Ільля Фаляжынскі, праект бубнача IQ48 Антона Мацулевіча Tony Fadd.
У розныя гады прэміі давалі гуртам Akute, Dzieciuki, N.R.M., Re1ikt, Zet, «Ляпіс Трубяцкі» ды іншым, героямі 2015 году назвалі «Крамбамбулю», а адкрыцьцём году — сьпявачку Pauline (Паліна Цімохіна).
У верасьні Tuzin.fm падвёў вынікі музычнага сэзону 2015-2016 і назваў песьняй году «Быў. Ёсьць. Буду» на верш Караткевіча ў выкананьні Irdorath з альбому Dreamcatcher, які, у сваю чаргу, стаў альбомам году. Кліпам году быў названы «Грэй мяне» гурту Rahis, зьняты пры ўдзеле фатографа Віктара Малышчыца. Таксама партал ладзіў конкурс маладых выканаўцаў «Засьпявай 3.0», у якім перамаглі Pauline, гурт Leibonik і дуэт Дзьмітрыя Нікановіча і Вольгі Сацюк.