Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагоня» супраць «Вершніцы»: слова за экспэртамі


«Вершніца» — новы твор ці пераробка?
«Вершніца» — новы твор ці пераробка?

Адзін з аўтараў дзяржаўнага герба «Пагоня» мастак Уладзімер Крукоўскі зьбіраецца падаць пазоў у Вярхоўны суд на выдавецтва «Кнігазбор», якое выдала кнігу Алеся Плоткі «Байсан».

Уладзімер Крукоўскі лічыць, што малюнак «Пагоні» на вокладцы кнігі, дзе замест вершніка на кані — вершніца, парушае ягоныя аўтарскія правы. Да таго ж новую «Вершніцу» ўжо растыражавалі на паштоўках, цішотках.

Ідэя «Вершніцы» належыць паэту і музыканту Алесю Плотку, эскіз зрабіла Ліза Пастушэнка. Паштоўка зь «Вершніцай» (дызайнэр — Юлія Галавіна) у 2015 годзе перамагла ў творчым конкурсе Беларускай службы Радыё Свабода «Віншуем па-беларуску». Нядаўна грамадзкае агенцтва «Арт-сядзіба» выпусьціла па матывах «Вершніцы» цішоткі. А з 12 па 19 сакавіка ў сеціве прайшоў тыдзень #vieršnica.

У выпадку, калі Ўладзімер Крукоўскі падасьць у суд пазоў, каб абараніць свае аўтарскія правы, якія шанцы ў абодвух бакоў? Ці зможа мастак абараніць сваю інтэлектуальную ўласнасьць?

Сяргей Зікрацкі
Сяргей Зікрацкі

Юрыст Сяргей Зікрацкі тлумачыць: што тычыцца выкарыстаньня пэўнага вобразу ці ідэі, то гэта заканадаўствам аб аўтарскіх правах не абараняецца. Заканадаўства аб аўтарскіх правах абараняе канкрэтны твор — вынік працы яго стваральніка. То бок, калі мастак Уладзімер Крукоўскі — аўтар «Пагоні», то абараняецца канкрэтна «Пагоня» зь вершнікам.

У «Законе аб аўтарскім праве і сумежных правах» Рэспублікі Беларусь запісана: «Адным з асабістых маёмасных правоў аўтара зьяўляецца права на недатыкальнасьць твору». Гэта азначае, што бяз згоды аўтара не дапускаецца ўнясеньне ў ягоны твор любых зьмяненьняў, скарачэньняў і дапаўненьняў, тлумачыць юрыст Сяргей Зікрацкі:

«Я не магу адназначна сказаць, ці парушана гэтае права на недатыкальнасьць, ці не парушана ў канкрэтным выпадку з „Пагоняй“ і „Вершніцай“. Калі яны ўзялі за аснову твор мастака і крыху яго перарабілі, то яны фактычна не зрабілі новы твор, гэта ня новы малюнак, а яны ўнесьлі зьмяненьні ў ягоны твор. Тады гэта парушэньне. Калі іх праца, якую яны зрабілі, носіць творчы характар, і тое, што ў выніку яны зрабілі, павінна разглядацца як новы твор, то гэта не зьяўляецца перарабленьнем твору спадара Крукоўскага, і тады парушэньня няма. Прыкладна так і трэба ў гэтай сытуацыі гэта ацэньваць.

Але ці яны перарабілі і парушылі, ці зрабілі новы твор і нічога не парушылі — гэта ўжо пытаньне, якое павінны вырашаць мастацтвазнаўцы. І ў выпадку, калі спадар Крукоўскі зьвернецца з пазовам у суд, то адказ на гэтае пытаньне будзе даваць экспэртыза, якая мусіць прааналізаваць дзьве гэтыя выявы, два малюнкі і вызначыць, ці гэта новы твор, ці гэта проста перароблены ранейшы твор».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG