Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас саміту дзяржаўныя СМІ рабілі зь Беларусі пуп Зямлі, — Аляксандар Класкоўскі


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Беларускія дзяржаўныя мэдыі занадта перабольшваюць ролю афіцыйнага Менску ў саміце «нармандзкай чацьвёркі», але ў цэлым праўладныя СМІ імкнуцца захоўваць адносна ўкраінскага крызісу нэўтральную пазыцыю.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў палітычны аглядальнік і мэдыяэкспэрт Аляксандар Класкоўскі.

Паводле Класкоўскага, у дзяржаўных мэдыях упершыню за доўгі час зьявілася сапраўды сур’ёзная нагода казаць, што Беларусь стала важным месцам сусьветнай палітыкі.

«Доўгі час беларускія дзяржаўныя мэдыі мусілі штучна, натужліва даводзіць, што няма ніякай міжнароднай ізаляцыі, што ў гэтым сэнсе Беларусь — нармальная краіна, і палітыка ў нас нармальная, шматвэктарная. А тут раптам сапраўды звалілася такое шчасьце — і, вядома, па поўнай праграме фантанаваў гэты патас, пераходзіў усе межы — ну, проста Беларусь — гэта пуп зямлі, і сёньня погляды ўсяго сьвету прыкаваныя да Беларусі. У пэўнай ступені гэта было сапраўды так, але не таму, што гэта заслуга выключна беларускага кіраўніцтва, а проста таму, што само пытаньне вайны ва Ўкраіне, якая пагражае бясьпецы ў сусьветным маштабе, хвалюе, бадай, усю палітызаваную частку чалавецтва. Таму я перш за ўсё б адзначыў той празьмерны патас ухваленьня, гэты ляйтматыў, што Беларусь — гэта пуп Зямлі. І, дарэчы, я думаю, што ўсе гэтыя кадры будуць яшчэ неаднойчы выкарыстоўвацца падчас перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі», — адзначае мэдыяэкспэрт.

Кажучы пра асьвятленьне саміх перамоваў і наагул канфлікту ў Данбасе, Класкоўскі адзначае, што беларускія дзяржаўныя мэдыі ўвогуле цягам усяго ўкраінскага крызісу былі і застаюцца даволі стрыманымі.

«У іх больш імкненьня да раўнавагі, да нэўтралітэту. Хаця, умоўна кажучы, такія прамаскоўскія ноткі пэрыядычна праскокваюць. Але ўсё ж такі ў параўнаньні з крамлёўскай прапагандай — гэта неба і зямля. Падстава для гэтага — сама гнуткасьць палітыкі і дыпляматыі афіцыйнага Менску ва ўкраінскім пытаньні. Паколькі кіраўніцтва Беларусі здолела ўсё ж такі максымальна ў гэтых умовах дыстанцыявацца ад Масквы і засьведчыць калі ня цалкам свой нэўтралітэт, то ўсё ж такі сваю асаблівую пазыцыю, — то адпаведна, думаю, проста былі праінструктаваныя і мэдыі, што трэба старацца трымаць балянс. Таму тут падыход дзяржаўных мэдыяў і да ўкраінскай тэматыкі ўвогуле, і да саміту ў прыватнасьці быў абумоўлены пазыцыяй і паводзінамі самога беларускага кіраўніцтва. Калі Лукашэнка выступае як міратворац, як пасярэднік, то, натуральна, і мэдыйны аспэкт гэтага мерапрыемства павінен быць дастаткова збалянсаваны», — тлумачыць Класкоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG