Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя авіярэйсы зь Менску арыентуюцца на футбол


Міжнародны аэрапорт Казань, архіўнае фота
Міжнародны аэрапорт Казань, архіўнае фота

Наўпроставы авіярэйс Менск — Казань можа зьявіцца бліжэйшым часам, сказаў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі генэральны дырэктар «Белавія» Анатоль Гусараў.

«Калі не паляціць расейская авіякампанія, то мы самі паляцім. Мы вельмі ўважліва разглядаем гэты напрамак у сувязі з тым, што Казань — адзін з гарадоў, дзе будзе праходзіць чэмпіянат сьвету па футболе — 2018. У гэтым жа ключы мы разглядаем Растоў», — сказаў Гусараў.

Казань і Растоў уваходзяць у сьпіс 11 гарадоў Расеі, у якіх у наступным годзе пройдзе футбольны мундыяль.

Таксама ў «Белавія» сказалі, што вядуцца перамовы пра рэгулярныя авіярэйсы зь Менску ў Талін і Саратаў. А з траўня 2018 году будзе адноўлены наўпроставы рэйс паміж Менскам і Новасыбірскам. У наступным годзе пачне курсаваць лайнэр зь Менску ў Анапу, але толькі падчас курортнага сэзону.

Анатоль Гусараў дадаў, што «Белавія» атрымае тры новыя самалёты Embraer. Усе яны паступяць у Беларусь перад пачаткам курортнага сэзону: у красавіку, траўні і чэрвені 2018 году.

Сёлета ў курортны сэзон з усіх абласных цэнтраў ладзіліся палёты ў Турцыю, Баўгарыю і Чарнагорыю. «Белавія» плянуе накіроўваць самалёты з гэтых аэрапортаў і ўзімку — на курорты Эгіпту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG