Усіх актывістаў абвінавачваюць ва ўдзеле у несанкцыянаваным пікеце (а Юрася Губарэвіча — і ў яго арганізацыі) 9 сьнежня каля помніка Максіму Багдановіча.
Паводле міліцыянтаў, парушэньне праявілася ў «сумеснай масавай прысутнасьці» ў названым месцы.
Актывіста руху «За свабоду» Аляксея Саевіча таксама абвінавачваюць у тым, што ён трымаў бела-чырвона-белы сьцяг і чытаў вершы.
«Абсурдная лёгіка ўладаў. Калі афіцыёзнае мерапрыемства, то можна нагнаць студэнтаў, вайскоўцаў, якія там сумавалі. А калі людзі праявілі ўласную ініцыятыву, за гэта яны трапляюць пад рэпрэсіі. Усё, што не дазволена, усё забаронена», — так пракамэнтаваў сытуацыю сайту праваабарончага цэнтру «Вясна» Юрась Губарэвіч.
9 сьнежня каля помніка Максіму Багдановічу ў Менску прайшла арганізаваная дзяржавай акцыя «Расьцем разам з Максімам», у межах якой на працягу некалькіх гадзін студэнты і вучні чыталі вершы клясыка. Акцыя трансьлявалася праз гукаўзмацняльнікі.