Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне судзілі журналіста-фрылансэра Толчына і «нячэсную» Шчыракову, якую падтрымалі «адмарозкі» і «пятая калёна»


Ларыса Шчыракова ў судзе Гомельскага раёну з таблічкай «Я нячэсны журналіст»
Ларыса Шчыракова ў судзе Гомельскага раёну з таблічкай «Я нячэсны журналіст»

У судзе Гомельскага раёну 28 верасьня пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы супраць «нячэснай» журналісткі-фрылансэра Ларысы Шчыраковай.

Ларыса Шчыракова сама навесіла на сябе таблічку «Я нячэсны журналіст», пад судом яе падтрымлівалі людзі з таблічкамі «Я нячэсны блогер», «Я адмарозак», «Я пятая калёна» і іншымі.

Шчыракову судзілі за відэасюжэт для тэлеканалу «Белсат» — пра гаротны стан мясцовага аўтарынку «Асаўцы». Міліцыя таксама вінаваціць журналістку ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для замежнага тэлеканалу — паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП. Справу разглядае судзьдзя Вольга Фядосава.

«Віну сваю не прызнаю, — сказала Шчыракова ў судзе. — Паводле Канстытуцыі маю права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю любым прыдатным спосабам. Не разумею, чаму міліцыя і суды празь перасьлед абмяжоўваюць гэтае маё права».

Журналістка нават запытала ў сьведкі Юрыя Сачыловіча, супрацоўніка акцыянэрнага таварыства «Кірмаш», якому падпарадкаваны аўтарынак — ці аб’ектыўны відэасюжэт?

«Пра аб’ектыўнасьць гаварыць ня буду — гэта не мая кампэтэнцыя. Але праблемы аўтарынку адлюстраваныя праўдзіва», — пагадзіўся Сачыловіч.

Узьнікла, аднак, непаразуменьне наконт таго, калі здымаўся відэасюжэт. Сьведка цьвердзіў, што тое было 6 жніўня. Сама ж Шчыракова сказала, што здымала на рынку 23 ці 24 ліпеня. Мінула больш як два месяцы. Таму, маўляў, справу наагул трэба спыніць, бо мінуў тэрмін даўнасьці.

Судзьдзя Фядосава перанесла разгляд адміністрацыйнай справы на пазьнейшы час, каб выклікаць іншых сьведак дзеля ўдакладненьня даты відэаздымкаў на аўтарынку «Асаўцы».

Працу Толчына ацанілі на 5 базавых даражэй, чым працу Жукоўскага

У той самы дзень, 28 верасьня, судзьдзя Жлобінскага раённага суду Людміла Сапонава прызнала гомельскага фрылансэра Андрэя Толчына вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат» і на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП пакарала яго штрафам у 30 базавых велічыняў (690 рублёў).

Андрэй Толчын, архіўнае фота
Андрэй Толчын, архіўнае фота

«Мы зьнялі ў Жлобіне сюжэт пра нядбайнасьць мясцовых камунальнікаў, якія не парупіліся адрамантаваць дах на доме ў мікрараёне № 17 — пасьля дажджу жылую кватэру на дзявятым паверсе моцна залівала. Пакутавалі людзі. За гэта міліцыя й склала пратакол, а суд аштрафаваў. Выглядае, уладам пакараць журналістаў значна лягчэй, чым прымусіць камунальнікаў своечасова рэагаваць на людзкую бяду», — кажа Толчын.

Напярэдадні судзьдзя Сапонава за гэты ж відэасюжэт аштрафавала на 25 базавых велічыняў (575 рублёў) і журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага.

«Празь відэаздымкі людзі бачаць рэальны стан рэчаў. Аб’ектыў ня хлусіць, таму ўлады й перасьледуюць фрылансэраў, блогераў, каб прыдушыць праўду — і з рамонтам дамоў, і зь нелегальнай міграцыяй, і зь любой іншай сацыяльнай праблемай», — лічыць Жукоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG