Як выглядае топ-10 найлепшых навукова-папулярных кніг, выдадзеных сёлета ў Беларусі? Чаму навукова-папулярныя кнігі ў нашай краіне з большай ахвотай выпускаюць недзяржаўныя выдавецтвы? У гонар якога выдавецтва варта назваць плошчу ў Менску? Пра гэта ды іншае ў нашай менскай студыі мы гутарым зь літаратуразнаўцам, рэдактарам гісторыка-літаратурнага альманаху «Асоба і час» Аляксандрам Фядутам.
— Аляксандар, у агульным сьпісе навукова-папулярных кніг, названых нашымі экспэртамі, фігуруе 67 пазыцый. На вашу думку, гэта многа ці мала для Беларусі?
— Гэта ўсё ж многа — 67 кніг, якія былі заўважаныя чытачамі і экспэртамі. І гэта толькі тое, што звычайна называюць літаратурай non-fiction і эга-літаратурай — успаміны, дзёньнікі і біяграфічная літаратура. Магчыма, у параўнаньні з нашымі суседзямі — палякамі і ўкраінцамі, гэта ня так і шмат. Але тыя ўмовы, у якіх існуюць сёньня беларускія выдавецтвы, значна адрозьніваюцца ад тых, у якіх знаходзіцца бізнэс-выдавецкая справа ў той жа Польшчы. Ды і адносіны дзяржавы да гісторыі, напрыклад, у той самай Польшчы зусім іншыя, чым у Беларусі. У Беларусі выдавец павінен мець грамадзянскую мужнасьць, як, скажам, Віктар Хурсік, каб друкаваць кнігі, погляды аўтараў якіх істотна разыходзяцца з тым, пра што гаворыць афіцыйная навука. Тое самае я магу сказаць і пра кнігі, якія выходзяць у сэрыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». Мы ж ведаем, як беларуская дзяржава ставіцца да нашай эміграцыі. Ну, і самы вядомы прыклад — гісторыя з «Гродназнаўствам», вучэбным дапаможнікам па гісторыі маёй малой радзімы — Гародні. Нягледзячы на тое, што ў гэтай кнізе няма аніводнай згадкі пра Лукашэнку, яна стала ўспрымацца як нейкі сымбаль апазыцыйнасьці. Ужо чацьвёртага зь яе аўтараў звольнілі з Гарадзенскага ўнівэрсытэту, не даюць працаваць.
— Топ-10 найлепшых навукова-папулярных кніг выглядае наступным чынам:
1. Анатоль Трафімчык. Беларусь 1939. Забытая вайна. Выдавец А. Янушкевіч;
2. Аляксандар Краўцэвіч. Краіна пагранічча. Інбелкульт;
3. Аляксандар Надсан. Выбранае. Кнігазбор;
4. Аляксей Шаланда. Таямнічы сьвет беларускіх гербаў. Выдавец А. Янушкевіч;
5. Гародня: каралеўскі горад з правінцыйным лёсам. Гарадзенская бібліятэка;
6. Васіль Стома. Маё мястэчка. Лімарыюс;
7. Алесь Бяляцкі. Халоднае крыло радзімы. Выдавецтва не пазначана;
8. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя. Т. 4, кн. 3. Беларуская навука;
9. Арсень Ліс. Выбраныя творы. Беларуская навука;
10. Натальля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч. Рада БНР (1970-1982): падзеі і дакумэнты. Кнігазбор.
Кідаецца ў вочы, што з гэтай дзясяткі толькі дзьве кнігі выпушчаныя ў сьвет дзяржаўным выдавецтвам. Чаму дзяржава не зацікаўленая ў выданьні падобнай літаратуры?
— Я лічу, што гэта ня так. Проста мы існуем у нейкіх паралельных сусьветах. Хоць і чытаем кнігі, якія выходзяць у дзяржвыдавецтвах. Вядома, мы па-рознаму ставімся да навукоўцаў, якія рыхтуюць гэтыя кнгі. Як і яны да тых, хто супрацоўнічае з выдавецтвамі недзяржаўнымі. Скажам, велізарная праца Сяргея Шапрана па падрыхтоўцы безцэнзурных, фактычна, акадэмічных выданьняў Васіля Быкава не заўважаная акадэмічнымі ўстановамі. З другога боку, можна па-рознаму ставіцца да акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя», апошні том якой выйшаў сёлета. Але, разумееце, ніякая новая гісторыя беларускай літаратуры ўжо не абыдзецца без спасылак на гэтае выданьне, палемікі зь ім. І тут нічога ня зробіш — гэта ўсё ж падзея.
— Рэкардсмэнам па колькасьці названых кніг выступае выдавецтва «Кнігазбор» — з 67-мі 12 пазыцый менавіта кнігазбораўскія. Для параўнаньня: з «Мастацкай літаратуры» — 2 кнігі, зь «Беларускай навукі» — 3. Такім чынам, выдавецтва 2014 году — «Кнігазбор».
— Я не пагаджуся з тым, што «Кнігазбор» — выдавецтва году. «Кнігазбор» — выдавецтва апошніх дваццаці гадоў. Я перакананы, што калісьці ў вольным дэмакратычным Менску зьявіцца плошча «Беларускага кнігазбору», а імем яго стваральніка і галоўнага рэдактара Кастуся Цьвіркі будзе названы праспэкт. Сама ідэя «залатой бібіліятэкі» Беларусі заслугоўвае вялікай пашаны і нашай падтрымкі. Я памятаю часы, калі многія сэрыйныя выданьні «Беларускага кнігазбору» станавіліся падзеямі — аднатомавікі Яна Чачота, Уладзімера Жылкі, Вацлава Ластоўскага, Ларысы Геніюш, Францішка Аляхновіча, тыя ж «Беларускія летапісы». На жаль, ня ўсе сэрыйныя кнігі падрыхтаваныя на адпаведным тэксталягічным узроўні. Што ж, такое здараецца ці ня ў кожнай вялікай сэрыі.
— Адна зь нешматлікіх пляцовак, дзе сёньня ў Менску адбываюцца розныя літаратурныя імпрэзы, найперш прэзэнтацыі новых кніг, — гэта «Кнігарня Ў». Нядаўна на яе быў накладзены мільярдны штраф, што будзе азначаць, хутчэй за ўсё, яе закрыцьцё. Чым яна так замінае ўладзе, маленькая кнігарня, дзе можа сабрацца ня больш за паўсотні чалавек?
— Я не разумею лёгікі беларускай улады, якая пачала змагацца з кнігарнямі. На маю думку, калі б у такой невялічкай кнігарні былі нейкія недахопы ў працы, то дзяржава павінна дапамагчы гэтыя недахопы зьнішчыць, не зьнішчаючы пры гэтым саму кнігарню. Мне шкада, што так адбываецца.
— Пасьля сёлетняй сустрэчы кіраўніка краіны зь пісьменьнікамі ў грамадзтве зьявілася чарговая надзея на адлігу ў адносінах дзяржавы да нацыянальнай культуры. Вы яе падзяляеце?
Я паверу ў адлігу толькі тады, калі кіраўнік дзяржавы скажа: «Дзьве дзяржаўныя мовы ў Беларусі сапраўды мусяць быць роўнымі, таму давайце, хлопцы, будзем вучыць абедзьве».
— Чакаць адлігу ці не — я насамрэч ня ведаю. Паколькі ў адзін і той жа час адбываюцца супрацьлеглыя рэчы. Скажам, ідзе масавая рэкляма беларускай мовы на нейкіх зьнешніх носьбітах. Мы едзем па Менску і бачым плякаты, якія прапагандуюць беларускія словы, заклікаюць размаўляць па-беларуску. У тых жа дзяржаўных выдавецтвах выходзіць шмат кніг на беларускай мове. І адначасова на мільярд штрафуецца адна зь нешматлікіх беларускіх кнігарняў. Я паверу ў адлігу толькі тады, калі кіраўнік дзяржавы скажа: «Дзьве дзяржаўныя мовы ў Беларусі сапраўды мусяць быць роўнымі, таму давайце, хлопцы, будзем вучыць абедзьве. Усе дзяржаўныя службоўцы мусяць адказваць грамадзянам на той мове, на якой да іх зьвяртаюцца, дзе б ні зьвярталіся — у судзе, у выканкаме, у парлямэнце». Вось гэта будзе сапраўды сьведчыць пра тое, што нешта зьмянілася. А пакуль няма пра што казаць.
— Вы апякуецеся двума кнігавыдавецкімі праектамі — гэта гісторыка-літаратурны альманах «Асоба і час» і «Беларуская мэмуарная бібліятэка». Нядаўна, вы проста шакавалі ўсіх у фэйсбуку, што зьбіраецеся выдаць мэмуары Мураўёва-вешальніка. А Каліноўскага не баіцеся?
— Не, не баюся. Каліноўскі, наколькі я разумею, добра ведаў ворага. Дзеля таго, каб пасьпяхова змагацца, трэба ведаць, што думае вораг. Калі выданьнем падобных кніг ня будзем займацца мы, гэтую прастору зойме Расея. У 2014 годзе ў Расеі выйшлі 4 кнігі, прысьвечаныя Мураўёву, і яны цалкам апалягетычныя. Выйшлі таксама ўспаміны Мураўёва, зноў жа — з апалягетычным уступным артыкулам і камэнтарамі. І калі мне сёньня кажуць, што ня трэба гэта выдаваць, я адказваю: «Прабачце, а якімі выданьнямі будуць карыстацца нашы гісторыкі?» Разумееце, усё ж Мураўёў — значная постаць у нашай гісторыі. І трэба лавіць яго там, дзе ён хлусіць, трэба паказваць, што насамрэч пісалі і гаварылі ягоныя паплечнікі. Скажам, Мураўёў піша, што недастойна выглядалі Каліноўскі і Серакоўскі, калі іх вялі на эшафот. А мураўёўскі сакратар Масалоў успамінае зусім іншае. Мураўёў піша, што яны хутка пералавілі ўсіх паўстанцаў, «банды», як ён кажа. Дзе ж пералавілі? Вядомая, напрыклад, гісторыя ксяндза Мацкеіча, якога вельмі доўга не маглі знайсьці. Ва ўступным артыкуле да маскоўскага выданьня, якое выйшла ў выдавецтве Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі, сказана, што на Мураўёва напаклёпнічалі, ніводнага сьвятара ён не пакараў сьмерцю. Як жа не пакараў? Першы канфірмаваны ім загад — аб пакараньні сьмерцю двух ксяндзоў. Я прыводжу ў камэнтарах апісаньне гэтых пакараньняў. Хіба пра гэта мы не павінны ведаць? Я думаю, калі б сёньня жыў Каліноўскі, ён бы гэта зразумеў. Таму што вайна сёньня ідзе гібрыдная, ідэалягічная, і змагацца трэба ўмець на ўсіх франтах.
— Ведаю, што неўзабаве выходзіць у сьвет новы выпуск «Асобы і часу». Што мы там пачытаем?
— Там будзе шмат цікавых тэкстаў. Прыгадаю толькі два. Гэта тэкст Дзяніса Кандакова пра тое, як парыская паліцыя ставілася да літвінаў — барскіх канфэдэратаў, там фігуруюць вядомыя прозьвішчы: Агінскія, Сапегі, Радзівілы. І адна зь цікавых публікацый пра бліжэйшы час — неадпраўлены ліст Піліпа Пестрака, дзе ён апісвае першыя дні вайны, калі ён разам з сям’ёй эвакуяваўся на ўсход.
— Чым запомніўся вам 2014 год?
— Сёлета я страціў старэйшага сябра — Генадзя Бураўкіна, які хацеў, каб я напісаў кніжку пра свае часы. Кніжку я напісаў, яна выйшла, а Генадзя Мікалаевіча няма... Ня стала сёлета і Рыгора Барадуліна. Калі адыходзяць такія людзі, якія атаясамліваюцца з калектыўным сумленьнем, усё дазволена, у тым ліку ў літаратурным жыцьці. Пакуль яны жылі, было сорамна. Гэта як выпадак з Саюзам пісьменьнікаў, які немагчыма было раскалоць, пакуль жыў Васіль Быкаў. Таму сёньня новай генэрацыі літаратараў трэба зразумець — нельга жыць без калектыўнага сумленьня, нельга таптаць усе аўтарытэты былых часоў. Нельга не заўважаць тых старэйшых пісьменьнікаў, якія жывуць. Іх трэба паважаць, разумеючы зробленае імі для краіны і для літаратуры.
Як галасавалі нашы экспэрты
Алесь Аркуш, літаглядальнік Радыё Рацыя
1. Алесь Бяляцкі. Халоднае крыло радзімы. Выдавецтва не пазначана.
2. Аляксандар Краўцэвіч. Краіна пагранічча. Інбелкульт.
3. Міхаіл Баярын. Уводзіны ў традыцыйны санскрыт. Логвінаў.
4. Аляксандар Лукашук. Вяртаньне нацыяналіста. Галіяфы.
5. Павал Севярынец. Беларуская глыбіня. Логвінаў.
6. Людміла Дучыц, Ірына Клімковіч. Язычніцтва старажытных беларусаў. Харвест.
7. Сяргей Чыгрын. Слонім і ваколіцы. Кнігазбор.
8. Дзяніс Марціновіч. Жанчыны ў жыцьці Ўладзімера Караткевіча. Чатыры чвэрці.
9. Мікалай Плавінскі. Узбраеньне на беларускіх землях у X-XIII ст. Галіяфы.
10. Игорь Залилов. Граффити Спасо-Преображенской церкви в Полоцке XII–XVII ст. Выдавецтва Спаса-Еўфрасіньнеўскага манастыра.
Ірына Багдановіч, літаратуразнаўца, БДУ
1. Аляксандар Надсан. Выбранае. Кнігазбор.
2. Фаўстына Кавальская. Божая міласэрнасьць у маёй душы. Пер. Хрысьціны Лялько. Про Хрысто.
3. Яхім Храптовіч. Аб прыродным праве. Пер. Сюзаны Паўкштэла. Сантара (Вільня).
4. Міхась Тычына. Філязофія літаратуры: беларускі варыянт. Беларуская навука.
5. Арсень Ліс. Выбраныя творы. Беларуская навука.
6. Гародня: каралеўскі горад з правінцыйным лёсам. Гарадзенская бібліятэка.
7. Сьледча-судовая справа Кастуся Каліноўскага. Укл. Зьміцер Кузьменка. Галіяфы.
8. Анатоль Трафімчык. Беларусь 1939. Забытая вайна. Выдавец А. Янушкевіч.
9. Аляксей Шаланда. Таямнічы сьвет беларускіх гербаў. Выдавец А. Янушкевіч.
10. Ян Чыквін. Ідэя. Вобраз. Інтэрпрэтацыя. Бібліятэка «Белавежы» (Беласток).
Алесь Дудар, незалежны кнігараспаўсюднік
1. Анатоль Трафімчык. Беларусь 1939. Забытая вайна. Выдавец А. Янушкевіч.
2. Рымвідас Пятраўскас. Літоўская знаць у канцы 14-15 ст.: склад-структура-улада. Інбелкульт.
3. Каміла Янушкевіч, Язэп Янушкевіч. Партрэты паўстаньня 1863 г. Выдавецтва не пазначана.
4. Алесь Бяляцкі. Халоднае крыло радзімы. Выдавецтва не пазначана.
5. Виктор Ляхор. Военная символика белорусов: знамена и мундиры. Харвест.
6. Пётр Друдж. Бітва пад Оршаю 1514 г. Выдавец А. Янушкевіч.
7. ARCHE, № 6. Магнатэрыя Вялікага Княства Літоўскага.
8. Уладзімір Хільмановіч. Каляндарны краязнаўчы даведнік Гарадзеншчыны. Гарадзенская бібліятэка.
9. Васіль Стома. Маё мястэчка. Лімарыюс.
10. Тэксты, № 5: Тадэвуш Рэйтан. Галіяфы.
Ірына Зубар, кнігарня «Эўрыка»
1. Барыс Крэпак. Вяртаньне імёнаў: нарысы пра мастакоў у 2 кнігах. Мастацкая літаратура.
2. Арсень Ліс. Выбраныя творы. Беларуская навука.
3. Аляксандар Надсан. Выбранае. Кнігазбор.
5. Гародня: каралеўскі горад з правінцыйным лёсам. Гарадзенская бібліятэка.
6. Анатоль Валахановіч. Узьлёты і падзеньні Вільгельма Кубэ: яго бачаньне будучыні Беларусі. ФУАінфарм.
7. Тацьцяна Падаляк. Вайна — самы страшны грэх: маральна-публіцыстычны досьлед. Выдавецкі дом «Зьвязда».
8. Манахіня Васа (Селівончык). Беларускія народныя паясы: тэхніка вырабу, арнамэнт. Беларуская навука.
9. Сьвятлана Калядка. Максім Танк: новыя факты, матэрыялы, інтэпрэтацыі. Беларуская навука.
10. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя. Т. 4, кн. 3. Беларуская навука.
Андрэй Масквін, мастацтвазнаўца, Варшаўскі ўнівэрсытэт
1. Анатоль Трафімчык. Беларусь 1939. Забытая вайна. Выдавец А. Янушкевіч.
2. Аляксандар Краўцэвіч. Краіна пагранічча. Інбелкульт.
3. Натальля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч. Рада БНР (1970-1982): падзеі і дакумэнты. Кнігазбор.
4. Александр Федута. Мой маленький Париж. Лимариус.
5. Севярын Квяткоўскі. Як стаць беларусам: сто гісторый. Логвінаў.
6. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя. Т. 4, кн. 3. Беларуская навука.
7. Міхась Тычына. Філязофія літаратуры: беларускі варыянт. Беларуская навука.
8. Яўген Гарадніцкі. Літаратура як мастацтва: камунікатыўнасьць, інтэрмэдыйнасьць, натуральнасьць. Беларуская навука.
9. Дарья Ивановская. Монументальная живопись белорусских художников второй половины ХХ — начала ХХІ века. Беларусь.
10. Юлія Захарына. Сучасная архітэктура Беларусі: эвалюцыя мастацкіх вобразаў у сусьветным кантэксьце. Беларуская навука.
Юрась Пацюпа, літаратуразнаўца, НАН Беларусі
1. Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста. Пер. на беларускую мову Анатоля Клышкі. Пазытыў-цэнтар.
2. Апанас Цыхун. Скарбы народнай мовы. Гарадзенская бібліятэка.
3. Алесь Каўрус. Слова: у слоўніку, у тэксьце. Логвінаў.
4. Мікола Хаўстовіч. Літаратура Беларусі XVIII-XIX ст.: дасьледаваньні і матэрыялы. Т 1. Выдавецтва не пазначана.
5. Міхаіл Баярын. Уводзіны ў традыцыйны санскрыт. Логвінаў.
6. Аляксей Шаланда. Таямнічы сьвет беларускіх гербаў. Выдавец А. Янушкевіч.
7. Анатоль Трафімчык. 1939 год і Беларусь: забытая вайна. Выдавец А. Янушкевіч.
8. Аляксандар Краўцэвіч. Краіна пагранічча. Інбелкульт.
9. Сяргей Чыгрын. Гісторыя Слоніма на старых фотаздымках і паштоўках (1900-1950). Кнігазбор.
10. Натальля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч. Рада БНР (1970-1982): падзеі і дакумэнты. Кнігазбор.
Ала Петрушкевіч, літаратуразнаўца, ГрДУ імя Янкі Купалы
1. Аляксандар Надсан. Выбраныя творы. Укл. Ірына Багдановіч. Кнігазбор.
2. Андрэй Павач. Под крылом Коложи. Гарадзенская бібліятэка.
3. Іван Лепешаў. Пошукі і роздум. ЮрСаПринт.
4. Уладзімер Хільмановіч. Беларускае золата. Бібліятэка Радыё Рацыя.
5. Александр Федута. Мой маленький Париж. Лимариус.
6. Павал Севярынец. Беларуская глыбіня. Логвінаў.
7. Ян Чыквін. Ідэя. Вобраз. Інтэрпрэтацыя. Бібліятэка «Белавежы» (Беласток).
8. Апанас Цыхун. Скарбы народнай мовы. Гарадзенская бібліятэка.
9. Алесь Белакоз. Методыка шчасця. СанДрук.
10. Сяргей Чыгрын. Хочацца дахаты. Кнігазбор.
Уладзімер Сіўчыкаў, дырэктар выдавецтва «Радыёла-плюс»
1. Аляксандар Краўцэвіч. Краіна пагранічча. Інбелкульт.
2. Анатоль Грыцкевіч. Сьцягі Оршы. Выдавец А. Вараксін.
3. Аляксей Шаланда. Таямнічы сьвет беларускіх гербаў. Выдавец А. Янушкевіч.
4. Анатоль Трафімчык. 1939 год і Беларусь: забытая вайна. Выдавец А. Янушкевіч.
5. Натальля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч. Рада БНР (1970-1982): падзеі і дакумэнты. Кнігазбор.
6. Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 3. Укл. Дз. Матвейчык і інш. Беларусь.
7. Я адзавуся! Кніга пра Каліноўскага і касінераў Свабоды. Укл. С. Панізьнік. Лімарыюс.
8. Юры Гардзееў. Цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі ў Вялікім Княстве Літоўскім у часы Чатырохгадовага сойму (1789-1892). Інбелкульт.
9. Андрэй Мацук. Полацкае ваяводзтва ў ХVІІI ст.: ваявода, шляхецкая эліта, соймікі. Беларуская навука.
10. Манахіня Васа (Селівончык). Беларускія народныя паясы: тэхніка вырабу, арнамэнт. Беларуская навука.
Аксана Спрынчан, рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура»
1. Язэп Драздовіч. Празь церні да зорак: успаміны, артыкулы, прысьвячэньні, мастацкія творы. Уклад. Міхася Казлоўскага. Мастацкая літаратура.
2. Людміла Дучыц, Ірына Клімковіч. Язычніцтва старажытных беларусаў. Харвест.
3. Алесь Аркуш. Мясцовы час. Полацкая ляда.
4. Васіль Стома. Маё мястэчка. Лімарыюс.
5. Гародня Х-ХХ ст.: каралеўскі горад з правінцыйным лёсам. Гарадзенская бібліятэка.
6. Сяргей Токць, Мікалай Дзелянкоўскі. Скідзель і яго ваколіцы. Тэхналогія.
7. Анатоль Трафімчык. 1939 год і Беларусь: забытая вайна. Выдавец А. Янушкевіч.
8. Каміла Янушкевіч, Язэп Янушкевіч. Партрэты паўстаньня 1863 г. Выдавецтва не пазначана.
9. Аляксей Шаланда. Таямнічы сьвет беларускіх гербаў: шляхецкая геральдыка Вялікага Княства Літоўскага. Выдавец А. Янушкевіч.
10. Ольга Лобачевская. Белорусский народный текстиль: художественные основы, взаимосвязи, новации. Беларуская навука.
Аляксандар Фядута, літаратуразнаўца
1. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя. Т. 4, кн. 3. Беларуская навука.
2. Васіль Стома. Маё мястэчка. Лімарыюс.
3. Следча-судовая справа Кастуся Каліноўскага. Укл. Зьміцер Кузьменка Галіяфы.
4. Тэрэза Голуб. Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова. Беларуская навука.
5. Мікалай Маліноўскі. Кніга ўспамінаў. Пер. з пол. Яніны Кісялёвай. Лімарыюс.
6. Аляксандар Краўцэвіч. Краіна пагранічча. Інбелкульт.
7. Мікола Хаўстовіч. Літаратура Беларусі XVIII-XIX ст.: дасьледаваньні і матэрыялы. Т 1. Выдавецтва не пазначана.
8. Анатоль Трафімчык. 1939 год і Беларусь: забытая вайна. Выдавец А. Янушкевічь
9. Аляксей Шаланда. Таямнічы сьвет беларускіх гербаў. Выдавец А. Янушкевіч.
10. Аляксандар Надсан. Выбранае. Укл. Ірына Багдановіч. Кнігазбор.