Прадстаўнікі пракрамлёўскага байкерскага клюбу «Начныя ваўкі» зьбіраюцца ў мотапрабег па Эўропе, падчас якога наведаюць і Беларусь.
Сёньня каля 30 байкераў — «Начных ваўкоў» выправіліся з Масквы ў Бэрлін. Яны хочуць ехаць празь Беларусь, Польшчу, Славаччыну, Аўстрыю, Чэхію і Нямеччыну. Але, які і летась, іх могуць не пусьціць у Эўразьвяз.
«Начныя ваўкі», якіх узначальвае прыяцель прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна Аляксандар Залдастанаў, хацелі б адсьвяткаваць у Бэрліне гадавіну перамогі над нацысцкай Нямеччынай у Другой сусьветнай вайне.
Заўтра, 30 красавіка, пракрамлёўскіх байкераў чакаюць у Менску, а раніцай 1 траўня яны правядуць прэс-канфэрэнцыю ў Берасьці ў консульстве Расеі. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі ў самім консульстве.
«Газета.Ru» паведамляе са спасылкай на прэсавага сакратара байк-клюбу, што ў Берасьці да «Начных ваўкоў» маюць далучыцца да 200 беларускіх байкераў. Пасьля гэтага яны зьбіраюцца разам паехаць да памежнага пераходу «Варшаўскі мост». Летась іх маршрут на гэтым і спыніўся. Сёлета таксама могуць узьнікнуць цяжкасьці.
Польшча ўжо абвясьціла, што не зьбіраецца прапускаць расейскіх байкераў на сваю тэрыторыю. З-за гэтага польскі амбасадар у Маскве быў выкліканы ў расейскі МЗС. У МЗС Расеі назвалі рашэньне польскіх уладаў «асабліва цынічным і зламысным жэстам» і прыгразілі нэгатыўнымі наступствамі.