Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На кнігу «Асьцярожна, Марцаў!» сабралі 158 мільёнаў


Пётар Марцаў
Пётар Марцаў

Мэмуары беларускага бізнэсоўца, запісаныя Сашай Раманавай, атрымаюць па папярэдняй замове тры сотні чалавек.

Праект выданьня кнігі Сашы Раманавай «Асьцярожна, Марцаў!» сабраў на краўдфандынг-сайце ulej.by неабходную суму ў 158 млн беларускіх рублёў за 4 дні да завяршэньня збору. Кнігу, якую ўжо замовілі больш за тры сотні чалавек, можна набыць за 250 тысяч. За дадатковыя грошы можна атрымаць разам з кнігай запрашэньне на прэзэнтацыю, паштоўкі з цытатамі, стары часопіс «Доберман» з інтэрвію Марцава ці дадатковы разьдзел, які не ўвайшоў у выданьне.

Пётар Марцаў, выдавец і рэдактар, у гонар якога я назваў сваю вуліцу — Уладзімер Арлоў

Пётар Марцаў быў дырэктарам карпункту расейскага «Коммерсантъ» і агенцтва «Постфактум» у Менску, у 1992 годзе пачаў выдаваць «Белорусскую деловую газету» («БДГ»), пазьней штотыднёвік «Имя». Выпуск «БДГ» быў спынены ўладамі ў 2006 годзе. Памёр ад вострага леўкозу ў 2014 годзе ва ўзросьце 52 год.

Аўтарка кнігі, якой Марцаў распавёў сваю гісторыю, абяцае жывой мовай з жартамі і «моцным слаўцом» перадаць рэальныя падзеі і рэальныя імёны беларускіх бізнэсоўцаў, інтэлігентаў і палітыкаў, расказаць пра закулісныя справы прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году, а таксама пра тое, як гэта — зарабіць грошы на напаўкрымінальных апэрацыях, укласьці іх у журналістыку, дамагчыся прызнаньня і страціць усё.

Грошы на кнігі ў Байнэце зьбіраюцца ня вельмі часта, але і не зусім рэдка: кніга «Асьцярожна, Марцаў» стала адной з двух дзясяткаў літаратурных праектаў на ulej.by.

«Гэта даволі цяжкая і вялікая праца, — кажа Свабодзе Саша Раманава пра анлайн-збор на выданьне кнігі. — Недастаткова проста закінуць інфармацыю на Ulej і забыць, трэба штодзень гэтым займацца і наймаць чалавека, які будзе дапамагаць. Калі чалавек гатовы да такой працы, то я раю так рабіць. Калі ж думае, што гэта вельмі лёгка і хутка, то гэта ня так.

Гэта не гісторыя канкрэтна Марцава, гэта гісторыя ўсіх нас: людзей, якія нечага хочуць, але ня ведаюць, зь якога боку пачаць, і ці варта яно таго

Калі б гэта рабілася толькі для сябе і нават шырокага кола знаёмых Пятра, я б не замахвалася на краўдфандынг. Задача была вывесьці гэты праект зь нішы „прадукту для сваіх“ у максымальна шырокі доступ, знайсьці публіку „не з тусоўкі“. І атрымаўся добры вынік, бо большасьць тых, хто замовіў кнігу, гэта маладыя людзі, якія не былі асабіста знаёмыя зь Пятром.

Магу паўтарыць, што мне казалі гэтыя людзі, якія не былі зь ім знаёмыя і не чыталі „БДГ“: яны казалі, што гэтая кніга матывуе. У гэтай кнізе, як гаварылася ў прома-роліку, кожны пабачыць сябе, непрыкаянага беларуса, які сталеў у 90-я, таго, хто цяпер стаіць на ростанях — зьяжджаць ці заставацца, пачынаць стартап ці банкрутаваць. Гэта не гісторыя канкрэтна Марцава, гэта гісторыя ўсіх нас: людзей, якія нечага хочуць, ды ня ведаюць, зь якога боку пачаць, і ці варта яно таго. І прачытаўшы, можаш параўнаць свой досьвед з досьведам героя — сучаснага, зразумелага і жывога».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG