Міжнародная дасьледчая кампанія Global Firepower апублікавала даклад вайсковых экспэртаў, у якой ацэньваецца глябальны «рэйтынг вайсковай моцы» 133 краінаў сьвету ў 2017 годзе.
Рэйтынг уключае 50 розных фактараў — лучнасьць розных нацыянальных характарыстык (сярод апошніх разьвіцьцё тэхналёгіяў і прамысловасьці, прыродныя рэсурсы, геапалітычныя фактары, транспартная інфраструктура). У якасьці дадатковай перавагі ўлічвалася наяўнасьць у краіны ядзернай зброі, але яна не разглядалася пры ацэнцы балянсу тых ці іншых відаў узбраеньняў. Невялікі бонус атрымлівалі краіны, якія ўваходзяць у блёк NATO.
Паводле агульнага паказьніка — рэйтынгу вайсковай моцы — Злучаныя Штаты сёньня прыкметна апярэджваюць Расею (другое месца) і Кітай (трэцяе месца). Далей у дзесятку вядучых ваенных дзяржаваў сьвету, згодна з рэйтынгам, уваходзяць: Індыя, Францыя, Вялікая Брытанія, Японія, Турэччына, Нямеччына і Эгіпет.
Украіна ў сёлетнім рэйтынгу займае 30-е месца (9-е ў Эўропе). У рэйтынгу 2013 году, да анэксіі Крыму і вайны на Данбасе, яна займала 22-е месца. Заходняя суседка Беларусі Польшча ў рэйтынгу на 19-м месцы (5-е ў Эўропе). Нашы паўночныя суседзі, Літва, Латвія і Эстонія, маюць значна ніжэйшыя месцы, адпаведна 95-е, 103-е і 110-е.
Як там Беларусь?
Беларусь ва ўсясьветным рэйтынгу на 49-м месцы і ў Эўропе на 14-м. Суседзі па рэйтынгу — Паўднёвая Афрыка, Чылі і Ўзбэкістан (46–48 месцы), Філіпіны, Ангола і Данія (50–52 месцы). Блізкія па колькасьці насельніцтва краіны маюць такія пазыцыі: Грэцыя — 28-я, Чэхія — 32-я, Швэцыя — 29-я, Вугоршчына — 63-я, Гандурас — 106-я, Аўстрыя — 53-я, Швайцарыя — 37-я, Ізраіль — 15-я. Блізкая па плошчы, але ўдвая больш населеная Румынія мае 42-е месца.
Людзкіх рэсурсаў у беларускага войска патэнцыйна 5 млн чалавек, як і ў Грэцыі ці Чэхіі, але гатовых бараніць радзіму па фізычных парамэтрах — 3,7 млн, што на 350-360 тысяч меней за згаданыя краіны. Актыўнага вайсковага пэрсаналу — 56,5 тысячы, як ва Ўзбэкістане, і толькі на 6,5 тысячы больш за Альбанію (у Чэхіі 22 тысячы, але ў Грэцыі — 161 тысяча). Рэзэрвістаў — амаль 345 тысяч, што блізка да Турэччыны (у Чэхіі толькі 7 тысяч, у Грэцыі 252 тысячы).
Складальнікі рэйтынгу налічылі ў Беларусі 43 баявыя самалёты-зьнішчальнікі, 105 самалётаў-штурмавікоў, 62 верталёты (зь іх 21 — баявы), 21 трэнавальны самалёт; 515 танкаў, больш як 2300 баявых бронемашынаў, 583 САУ, 290 гарматаў, 123 сыстэмы залпавага агню; ніводнага баявога караблю.
Абарончы бюджэт Беларусі, згодна з рэйтынгам, 725 млн даляраў, на ўзроўні Баўгарыі і Кубы. Для параўнаньня, у Чэхіі — 2,2 млрд, у Швайцарыі — 4,8 млрд, ва Ўкраіны — 4,9 млрд, у Грэцыі — 6,5 млрд, у Грузіі — толькі 380 млн.
У чым ЗША мацнейшыя за Расею, а ў чым не асабліва
Даклад дазваляе супаставіць вайсковую моц дзьвюх любых краінаў.
Так, ЗША значна апярэджваюць Расею ў колькасьці людзкіх рэсурсаў. Агульнае насельніцтва — 323,9 млн супраць 142,3 млн чалавек. Адпаведна гэтая перавага назіраецца пры ацэнцы групаў насельніцтва прызыўнога ўзросту. Аднак колькасьць узброеных сілаў у ЗША не нашмат большая, чым у Расеі: 1,373 млн супраць 0,798 млн чалавек. Пры гэтым вайсковы рэзэрв у ЗША значна меншы: 0,990 млн чалавек супраць 2,572 млн у Расеі.
Калі ацэньваць разьвітасьць транспартнай інфраструктуры, то тут у наяўнасьці перавага Злучаных Штатаў. Напрыклад, у працягласьці аўтадарог: 6,586 млн км супраць 0,982 млн, а таксама чыгунак — 225 тысяч км і 87 тысяч адпаведна.
Аднак, напрыклад, у вытворчасьці і запасах нафты Расея валодае прыкметнай перавагай паводле даказаных нафтавых запасаў: 80 млрд барэляў супраць 36,5 млрд.
У агульнай колькасьці самалётаў і верталётаў ВПС ЗША значна апярэджваюць Расею: 13,762 адзінкі супраць 3,794. Аднак трэба ўлічваць, што гэтая перавага прыкметна зьніжаецца, калі гаворка ідзе пра зьнішчальнікі, бамбавікі і іншыя тыпы баявых машынаў. Напрыклад, калі агульная перавага ЗША ў верталётах складае прыкладна 4:1, то ў баявых верталётах — 2: 1.
Расейскае войска валодае колькасных перавагай ва ўсіх відах артылерыі, а таксама ў агульнай колькасьці танкаў: 20,216 і 5,884 тысячы адпаведна. Парытэт існуе і ў суадносінах некаторых відаў баявых караблёў. Напрыклад, падводных лодак: у Расеі — 63, у ЗША — 70. А вось па ліку авіяносцаў ВМС ЗША валодаюць абсалютнай перавагай: 19:1.
Паводле абʼёму абароннага бюджэту, Злучаныя Штаты таксама трывала займаюць першае месца ў сьвеце — 587,8 млрд даляраў. Аднак гэты паказьнік далёка не заўсёды адпавядае паказьніку сукупнай вайсковай моцы дзяржавы, што ацэньваецца ў дакладзе.