Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікіта Краснакуцкі: «У камэры перазнаёміліся, згуртаваліся, выпрацоўвалі супольныя пляны»


Мікіта Краснакуцкі, архіўнае фота
Мікіта Краснакуцкі, архіўнае фота

«Акрэсьцінская гісторыя» Мікіты Краснакуцкага, актывіста «Моладзі БНФ», ініцыятывы «Дзея».

Мікіта быў прэвэнтыўна затрыманы на падыходах да Кастрычніцкай плошчы 26 сакавіка. У той дзень у цэнтры зьбіраліся салідарныя з рэпрэсаванымі напярэдадні — на Дзень Волі.

Мікіту зь сябрамі затрымалі на станцыі мэтро «Кастрычніцкая». У судзе, як і многіх, зьвінавацілі ў тым, што «махаў рукамі, лаяўся матам».

«Нас завезьлі ў Ленінскі РУУС Менску. Там затрыманых было багата, усіх паставілі ў нейкі гараж, які прадзьмуваўся. Уражаньне было падобнае да таго, што я бачыў па тэлевізары пра абыходжаньне сэрбаў з басьнійцамі падчас вайны ў 1990-х.

Міліцыянты ставіліся не як да проста затрыманых, а вельмі непрыязна.

Міліцыі дапамагалі курсанты з Акадэміі МУС. Яны параілі мне пакласьці акуляры ў мяшэчак з рэчамі. На ўсялякі выпадак — „каб не пабіліся“. Я так зразумеў, што могуць не пабіцца, а быць пабітымі міліцыяй. Але абышлося.

Усе пратаколы былі напісаныя пад капірку, усім напісалі, што махалі рукамі і мацюкаліся. Хоць былі відэазапісы з камэр назіраньня ў мэтро, якія абвяргалі пратаколы.

На судзе была поўная цыркаўня. Адны і тыя ж міліцыянты сьведчылі пра розных людзей (затрыманых у розных месцах. — РС). Напрыклад, там судзілі Паўла Белавуса, ачольніка «Арт-Сядзібы». Павал прадставіў відэаматэрыялы, дзе бачна, што ён паводзіць сябе цалкам прыстойна. Але міліцыянты засьведчылі, што бачылі, як Павел раней, па-за відэакамэрамі, мацюкаўся.

На Акрэсьціна нас закінулі ў камэры, дзе было шэсьць ложкаў. Са мной быў Павал Белавус, два сталыя мужчыны, якія ўразіліся намаляванай у судзе карцінай: дзясяткі чалавек як вар’яты махалі рукамі.

На абскарджаньне прысудаў нам далі пяць дзён, але на Акрэсьціна адабралі ўсе прылады для пісаньня.

Бялізны не было. Паперы не было. Ад матрацаў ішоў смурод. На вокнах была чорная цьвіль. Адзін са сталых спадароў быў мэдыкам. Ён сказаў, што гэтая цьвіль небясьпечная, можа выклікаць пэдыкулёз. У памяшканьні была задуха.

Нас уразіла, калі на сьняданак нам падалі ў новых мэталічных талерках пярлоўку з разынкамі. Сьмяяліся, бо мы самі сябе адчувалі «разынкамі», якія Лукашэнка прапанаваў закрыць.

Пасьля суду сядзеў у камэры з хлопцамі зь Берасьця, Магілёва, анархістам з Кіева і анархістам з Масквы. Абодва вельмі хутка знайшлі агульную мову.

Украінцу і расейцу прапанавалі дэпартацыю, але з забаронай на ўезд у Беларусь на колькі гадоў. Абодва абралі суткі, бо хочуць вярнуцца бліжэйшым часам.

Нікога затрыманьне не запалохала. Наадварот, усе перазнаёміліся, выпрацоўвалі сумесныя ідэі, пляны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG