Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менску споўнілася 950 гадоў. Толькі ня сёньня, а мінімум стагодзьдзе таму


3 сакавіка 2017 году спаўняецца 950 гадоў першай гістарычнай згадцы пра Менск. Паводле «Слова пра паход Ігараў» (PDF),у той дзень у 1067 годзе на Нямізе «снапы сьцелюць галавамі»: войскі кіеўскіх Яраслававічаў разьбілі войскі полацкага князя Ўсяслава Чарадзея ў крывавай бітве, вядомай як бітва на Нямізе.

Шмат хто мяркуе, нібы ў гэты час і ўзьнік Менск — нібы Менску 950 год. Але горад старэйшы. Гісторык Сяргей Тарасаў кажа Свабодзе:

«Ня будзем забываць, што гэтай бітве на Нямізе папярэднічала ўзяцьце Менску. Далей ужо дакладная дата, 3 сакавіка 1067 году — бітва на Нямізе. Незалежна ад таго, як лічыць, дзе быў сапраўдны Менск, а я лічу, што гэта Строчыцкае гарадзішча, прайсьці адтуль да ракі Няміга — гэта ўсяго 16 км ці каля таго. Падзеі калі не аднаго і таго ж дня, але блізка да таго: мо 1 сакавіка, мо 2-га было ўзяцьце Менску Яраславічамі, але дата бітвы дакладна вядомая.

Менск ужо існаваў у Х стагодзьдзі, бо падчас раскопак на тым гарадзішчы на рацэ Менцы, а галоўнае, на пасадзе вакол былі знойдзеныя матэрыялы, якія датуюцца Х стагодзьдзем. У гэтым нічога дзіўнага няма, бо ў той час паўсталі шматлікія гарады. Ня будзем забываць той жа Полацак, той жа Тураў. Дакладнай даты мы ня ведаем і ведаць ніколі ня будзем, але, паводле археалягічных зьвестак, адлічваць трэба ад Х стагодзьдзя».

Сёньня Музэй гісторыі гораду Менску пакуль існуе хутчэй юрыдычна, чым фізычна: няма будынку, дзе была б разьмешчаная адзіная экспазыцыя. Асобныя экспазыцыі на тэму гісторыі гораду ёсьць у Ратушы і мастацкай галерэі Савіцкага, што на плошчы Свабоды, у галерэі Шчамялёва на праспэкце Ракасоўскага, у археалягічным музэі на вуліцы Кірылы і Мятода, у Лошыцкай сядзібе — усё гэта падразьдзяленьні дзяржаўнай установы «Музэй гісторыі гораду Менску».

Дзень гораду ў Менску адзначаецца без прывязкі да бітвы на Нямізе — у другую суботу верасьня. Іншая дата, зьвязаная зь Менскам, адзначаецца беларускімі ўладамі як дзень незалежнасьці Беларусі, хоць 3 ліпеня 1944 году Беларусь не атрымала незалежнасьці. Толькі Менск быў вызвалены ад нямецкіх захопнікаў. Ні вызваленьне Беларусі, ні пагатоў Другая ўсясьветная вайна тым днём не завяршылася, а саветы бамбілі горад да таго самага дня. Што сьвяткуецца 3 ліпеня, ведаюць ня ўсе менчукі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG