Падчас справаздачы ў пытаньнях фінансава-крэдытных арганізацыяў 16 лістапада Аляксандар Лукашэнка заявіў, што заробкі банкіраў мусяць «адпавядаць узроўню заробкаў, які склаўся ў краіне», перадае БЕЛТА.
Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што яго засьцерагаюць ад «шчырай размовы на гэтую тэму», бо гэта не спадабаецца МВФ і іншым міжнародным арганізацыям, але ён загадаў падначаленым слухаць яго, а не міжнародныя арганізацыі.
Паводле Лукашэнкі, «заробак павінен быць заробленым», бо ва ўраду, Нацбанку і іншых банкаў «так цяжка ідзе пытаньне» заробкаў па 500 даляраў або 1000 рублёў (што Лукашэнка абяцае ўжо больш за 10 год). А банкіры, кажа ён, махлююць з бонусамі:
«А што гэта, ня грошы? Можна выбудаваць такую сыстэму, што будзеш капейкі атрымліваць цягам месяца, году, а бонусамі можна задушыцца, як у народзе кажуць. Таму давайце глядзець агулам на тое, як гэта будзе выглядаць.
Хацелася б, каб банкаўская сыстэма не была, цытую народ, «скопішчам тлустых катоў» — гэта ня толькі кажа рабочы і селянін, гэта кажа ўся інтэлігенцыяАляксандар Лукашэнка
Я толькі што казаў пра ўзровень заробкаў у краіне. Хацелася б, каб банкаўская сыстэма не была, цытую народ, „зборышчам тлустых катоў“ — гэта ня толькі кажа рабочы і селянін, гэта кажа ўся інтэлігенцыя. Банкаўскія работнікі павінны адпавядаць таму ўзроўню, які склаўся ў краіне па заробках і даходах».
Паводле Лукашэнкі, як дзяржаўныя, так і прыватныя банкі мусяць упісацца ў дзяржаўную сыстэму «скарачаеш, зьяўляюцца свабодныя грошы — забірай, разьмяркоўвай сярод тых, хто застаўся». Заробкі кіраўнікоў прыватных банкаў ён прапанаваў прывязаць да заробку старшыні Нацбанку.
Тым часам, паводле афіцыйнай статыстыкі, у верасьні сярэдні заробак беларусаў склаў 831,3 рубля, а ў сфэры фінансавых паслуг — 1249,3 рубля. Афіцыйныя заробкі беларусаў паволі растуць, а рэальныя даходы тым часам амаль перасталі падаць.