Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут усё кажа само за сябе», — мастакі адзначаюць канец Году культуры на сьметніку


«Тут мы можам разьвітацца з нашымі забабонамі, з нашай інэрцыяй, з нашымі мёртвымі героямі і жыць далей, і рабіць культуру далей. — Максім Жбанкоў, стоячы пад шэрагамі цюкоў макулятуры, тлумачыць: — Усё гэта ня ёсьць жыцьцём. А жыцьцё будзе далей. Жыцьцё будзе тое, што мы зробім, калі сыдзем з гэтага сьметніку».

Мастацкая акцыя «Канец Году культуры» прайшла на Паўночным палігоне. Пад музыку гурту «Ружовае гета» і рык сьмецьцявозаў, пад схілам гары адкідаў жыцьцядзейнасьці беларускае сталіцы найлепшыя беларускія мастакі пілі «Савецкае шампанскае» і віншавалі адзін аднаго з заканчэньнем Году культуры.

«Тут усё кажа само за сябе, — распавядае мастак Руслан Вашкевіч. — Самі абставіны сымбалічныя — скончыць Год культуры на звалцы макулятуры. Бо ён сапраўды быў рэкордны колькасьцю прадпісаньняў, папераў, кодэксаў, дазволаў быць творчым работнікам... Такой колькасьці папяровых поўхаў людзі культуры не атрымлівалі яшчэ ніколі, як у гэты сьмехатворны Год культуры. Хацелася менавіта так яго абнуліць і скончыць. Не жаваць бясконца гэтую тэму, увесь час знаходзячыся ў воблаку нэгатыву. А завяршыць гэта карпаратывам, сапраўднай урачыстасьцю. Хацелася зрабіць гэтую сустрэчу незабыўнаю».

Вашкевіч кажа, што сама акцыя — праект не мастацкі. Ініцыятарам называць сябе не наважваецца і тлумачыць, што ўсё гэта не было б магчыма бяз многіх людзей, якія ўвесь час былі побач.

«Я ня даў бы рады бяз арт-групоўкі, як мы гэта называем, — кажа Вашкевіч. — Аліна Саўчанка, Маша Хрусталёва, Віктар Патаповіч... Тут так шмат натхняльнікаў... Максім Жбанкоў — абавязковы складнік праекту, і гэта важна для мяне».

Філёзаф і культуроляг Максім Жбанкоў прывез на сьвяткаваньне цэлы экскурсійны аўтобус, які за час падарожжа зь Менску выслухаў лекцыю пра «пакаленьне сэканд-хэнд і сьмецьцевую культуру».

«Усё тое, што мы лічым культурай, мае свой цыкль існаваньня, як і ўсё ў жыцьці, — кажа ён. — Тое, што пачынаецца як сэнсацыя, як рэвалюцыя, як падзея, урэшце завяршаецца як сьмецьце, як трэш, як тое, што ўжо не падлягае другаснай перапрацоўцы. Менавіта таму нам падалося, што вельмі цікава завяршыць Год культуры там, дзе звычайна завяршаецца існаваньне якой заўгодна культуры».

«Мне здаецца, што канфлікт паміж нашымі магчымасьцямі й жаданьнямі ды вонкавымі абставінамі гуляе з намі ў добры жарт, — лічыць Вашкевіч. — Мы звыкліся супраціўляцца, гэта яшчэ адзін наш матор, гэта нас стымулюе, матывуе на дзеяньні».

Паводле Максіма Жбанкова, тэма сьмецьця і сьмецьцевай культуры пазытыўная сама па сабе. Ён нагадвае італьянскую калядную традыцыю — пазбаўляцца ў канцы году непатрэбных рэчаў.

«Я думаю, што натуральныя формы існаваньня культуры — гэта пазбаўленьне адпрацаванага, мёртвага. Мы ўрэшце рэшт мусім пахаваць сваіх мерцьвякоў і жыць далей», — кажа ён.

2016-ы год указам Аляксандра Лукашэнкі быў названы Годам культуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG