Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка шмат казаў пра спорт. У 333 словы

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 30 траўня быў чарговы раз абраны прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту. На выступе Алімпійскага сходу НАК Лукашэнка зрабіў шэраг заяваў пра спорт у Беларусі. Свабода перадае заявы Лукашэнкі паводле БЕЛТА максымальна сьцісла.

Спорт як найважнейшы ідэалягічны інструмэнт дзяржаўнай палітыкі так і ня стаў крыніцай нацыянальнага гонару і натхненьня.

Алімпіяда ў Рыё была правальнай, 40-е месца ў мэдальным заліку не адпавядае выдаткам. У хакеі таксама правал. Перад Рыё ніхто ня скардзіўся, што чагосьці не хапала. І ня трэба казаць, што справа ў клімаце.

Выдаткі НАК трэба скараціць на чвэрць. Камітэту дзяржкантролю і адміністрацыі Лукашэнкі трэба праверыць справаздачу рэвізійнай камісіі НАК, паглядзець, хто куды езьдзіў у камандыроўкі.

Маляваць фінансавыя пляны без ацэнкі шанцаў нельга. Бо атрымалі грошы, засталіся за бартом — і радыя, што ня трэба ехаць зьнеслаўляцца. Трэба вызначыць пэрспектыўныя, патэнцыйна медальныя, традыцыйныя для Беларусі віды спорту, ім аказваць асноўную падтрымку. Атрымалі мэдалі — яшчэ дадаць.

Будуем сучасныя спартыўныя аб'екты, а яны прастойваюць без справы. Гэта бязладдзе. Трэба ўвязваць пляны будаўніцтва з канцэпцыяй разьвіцьця спорту.

Ствараецца ўражаньне, што Мінспорту страціла кантроль над трэніроўкамі нацыянальных камандаў. Спорт мае быць больш празрыстым. Трэба аптымізаваць падрыхтоўку спартоўцаў, падвысіць ролю рэгіёнаў. Трэба выразна падзяліць абавязкі паміж спартовымі структурамі, максымальна задзейнічаць Мінздароўя і Акадэмію навук, хай вывучаюць клімат краінаў, дзе будуць Алімпіяды.

Сыстэмнага падыходу ў адборы спартоўцаў няма, нейкая незразумелая пасыўнасьць. Вынікаў рэформаў у дзіцячым спорце не відаць. Прыватным спартовым школам трэба дапамагаць, а чаму ўсё кепска зь дзяржаўнымі — трэба задумацца.

Замежныя трэнэры хай працуюць кансультанамі, бо душу ў справу не ўкладуць і радзіму любіць не навучаць. Трэнэраў у Беларусі штампуюць сотнямі, а дзе спэцыялісты? Трэба разабрацца, аптымізаваць.

Трэба быць гатовымі процістаяць беспадстаўнаму допінгаваму ціску, а то спачатку караюць, потым разьбіраюцца.

Засядаць з НАК Лукашэнка цяпер будзе раз на квартал.

[Абноўлена: пасьля публікацыі гэтага тэксту выявілася, што Лукашэнка не завершыў прамову: БЕЛТА працягнула публікаваць ягоныя заявы]

Лукашэнка паспрыяе ўладкаваньню беларускіх легіянэраў у Расеі. Яны наогул не павінны лічыцца там легіянэрамі, бо потым мяняюць грамадзянства на расейскае, а Беларусь жа траціць грошы на іх падрыхтоўку. Хакеіст хоча мяняць краіну — хай кампэнсуе дзяржаве выдаткі.

Спартовы тэлеканал «Беларусь-5» — ніякі, трэба стварыць яшчэ адзін.

У Менску правядуць асамблею Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, каб паказаць гатоўнасьць да прыёму Эўрапейскіх гульняў-2019.

Спартоўцам трэба браць прыклад з Івана Ціхана (сьціснуў зубы, выйшаў і даказаў, што спартовец) і Дар’і Домрачавай (толькі нарадзіла, дзіцё на руках, а заваявала мэдаль).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG