Паводле расейскага палітыка Льва Шлосберга, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін ніколі ня пойдзе на вайсковае ўварваньне ў Беларусь.
Такое меркаваньне палітык выказаў у інтэрвію «Апострофу».
«Чаму Пуцін крыўдзіцца на Лукашэнку, але трывае яго выпады? Проста ён ведае характар Лукашэнкі: па-першае, пашле на тры літары, а па-другое, падыме войскі», — адзначыў ён.
Паводле Шлосберга, Лукашэнка гэтаксама, як і Пуцін, трымае ўладу ў руках і нікому ня мае намеру яе аддаваць.
«Увайсьці арміяй у Беларусь немагчыма. Паўстане ўся краіна. Я ведаю настрой беларускага народа і ведаю, на што здольнае беларускае грамадзтва, у тым ліку ў пытаньнях абароны сваёй тэрыторыі. Пуцін туды ня сунецца ніколі. Гэта выключана, пры любой сытуацыі. Ён будзе злавацца, не пускаць беларускія малочныя і іншыя прадукты на расейскі рынак, але ён ніколі ня пойдзе супраць Лукашэнкі і Беларусі, бо той (як і сам Пуцін) трымае ўладу ў руках і нікому ня мае намеру яе аддаваць», — дадаў палітык.
«А ва Ўкраіне ў 2014 годзе было безуладзьдзе. Украінскія эліты самі спрыялі гэтаму безуладзьдзю ў істотнай ступені. Калі рухнуў прэзыдэнцкі рэжым, яму на зьмену маглі прыйсьці толькі часовыя выканаўцы абавязкаў, якія разумелі часовасьць і няўстойлівасьць свайго статусу. І высьветлілася, што няма каму абараняць Крым», — параўнаў ён сытуацыю ў Беларусі з станам рэчаў ва Ўкраіне перад анэксіяй Крыму.
Леў Шлосберг — расейскі палітык, дэпутат Пскоўскага абласнога сходу дэпутатаў ад апазыцыйнай партыі «Яблоко».