Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Мы ня можам увесь час маліцца на адну Расею, вы бачыце, як Расея прасела


«Год асаблівы, сытуацыя няпростая. Вы бачыце, як прасела Расея, — гэта наш асноўны рынак. Вы бачыце, што робіцца ва Ўкраіне, — адзін з асноўных нашых рынкаў. Вайна ідзе, ім сёньня не да пакупак, тым больш складанабытавой тэхнікі і складанатэхнічнай прадукцыі — МАЗаў, БелАЗаў, трактароў і г. д. Але гэта ня значыць, што мы з вамі складзём рукі і будзем чакаць лепшых часоў — не! Што толькі можна сёньня — мы павінны зрабіць, каб уратаваць нашу вытворчасьць і ня выкінуць людзей на вуліцу», — сказаў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас сёньняшніх кадравых прызначэньняў.

Ён зноў акцэнтаваў увагу на неабходнасьці дывэрсыфікацыі экспарту, перадае прэзыдэнцкая прэс-служба.

«Мы ня можам увесь час маліцца на адну Расею, хоць гэта і братэрская нам краіна. Таму што, бачыце, адзін гэты рынак абваліўся — і мы сьледам паляцелі. Так, у нас калісьці 85% прадавалася на расейскі рынак, сёньня ўжо 40-45%. Так, мы паменшылі залежнасьць ад аднаго рынку, але, як відаць, гэта яшчэ мала. Плюс дадалася Ўкраіна. Ня думаю, што лепшая абстаноўка і ў Казахстане. Таму любой цаной мы павінны выходзіць на новыя рынкі. І гэта можна», — заявіў Лукашэнка.

Паводле кіраўніка Беларусі, пра гэта сьведчыць і выхад шэрагу беларускіх прадпрыемстваў на амэрыканскія рынкі. «Зьняты ўсякія санкцыі, і мы зь імі гандлюем. Значыць, можна», — сказаў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што кіраўнікі мясцовай вэртыкалі ўлады павінны таксама ўнікаць у працу прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі, не зважаючы на іх ведамасную падпарадкаванасьць:

«Майце на ўвазе: чужых прадпрыемстваў на тэрыторыі вашых раёнаў няма. Яны ўсе вашы. Вы ў гэтых раёнах прэзыдэнты. Таму не саромейцеся туды заходзіць, патрабаваць ад іх: дайце вынік!»

«Сытуацыя, яшчэ раз падкрэсьліваю, у сьвеце няпростая, а тым больш у нашым рэгіёне. Павінен сказаць, што такой сытуацыі наогул ніколі не было. І нам у гэтай сытуацыі трэба паказаць сваю заможнасьць. Наступны год — гэта наш экзамэн. Як бы ні было складана, нас людзі павінны зразумець, а каб яны нас зразумелі, трэба даць вынік, як бы цяжка ні было», — сказаў кіраўнік краіны.

Прадстаўнікам мясцовай вэртыкалі ўлады Лукашэнка загадаў аптымізаваць структуры падпарадкаваных ім арганізацый:

«Спэцыяльна зьвяртаю на гэта ўвагу, каб мы нарэшце парадак навялі ва ўсіх сфэрах і галінах, а не чакалі нейкіх дадатковых указаньняў. Усё павінна быць проста і зразумела».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG