Дзе знаходзіцца вёска Лучай ня толькі добра відаць па высокіх званіцах касьцёла Сьвятога Тадэвуша, але і добра чуваць. На многія мілі па маляўнічых пагорках разносяцца гукі касьцельнага гадзіньніка.
Касьцёл у Лучаі ніколі не пустуе. Падчас імшы перад храмам стаяць дзясяткі аўтамабіляў. А многія вернікі ідуць пешкі. Як вось гэтая пажылая спадарыня.
— Ксёндз добры. Нас навучае, каб мы былі добрыя, каб жылі добра, каб з мужыкамі не сварыліся. Каб дзеці ў касьцёл хадзілі.
Асноўная маса людзей прыходзіць да касьцёла не з самога Лучая, а з навакольных вёсак. Як мая наступная суразмоўніца пані Крысьціна.
— Во гэтыя дзесяць дамоў каля касьцёла мы клічам Палестынай. Тут усе прыежджыя. У Лучаі толькі адна вуліца. І то па адным чалавечку жывуць. Усе ўжо памёрлі. А парафія вялікая.
Тэрыторыя вакол касьцёла пастаянна аздабляецца. Вакол храма паўстаюць скульптуры апосталаў, перад галоўным уваходам вернікаў сустракае постаць перадапошняга папы Бэнэдыкта, а за касьцёлам можна пабачыць макет палаца самай вядомай уладальніцы Лучая — Альжбэты Агінскай-Пузыні.
Палац не дажыў да нашых дзён, разбураны ў апошнюю вайну. Да вайны ў тым палацы была сельскагаспадарчая школа, у якой вучыліся бацькі майго наступнага суразмоўцы, Рональда Сініцы.
— Тут пры Польшчы была рольная школа, дзе аграномаў рыхтавалі. Была гміна. Культурны цэнтар быў. Фэсты былі. Многа зьбіралася людзей. Пры Саветах вера стала занепадаць. Мая бабуля Салюта казала, калі закрылі касьцёл, што ня можа быць, каб касьцёл не адкрылі. Над ёю сьмяяліся. Камунізм шагае па плянэце! Не, будзе касьцёл. Але не дачакалася.
Чамусьці толькі на гістарычнай Віленшчыне я сустракаю такое багацьце каталіцкіх імёнаў. Я гутарыў і з Адольфам, і з Рычардам, і з Арнольдам. А цяпер гутару з панам Рональдам.
— Маё імя калі дапамагала, а калі падтруньвалі. Калі прэзыдэнтам быў мой цёзка Рэйган, дык дапамагала. А так было цяжкавата. Нават знаёміцца. Бацькі далі такое мудрае імя. Трэба было б стаць сапраўдным чалавекам.
Альжбэта Пузыня згадваецца Адамам Міцкевічам у «Пану Тадэвушу». Вуснамі аднаго з герояў, пана Падкаморага, які ўспамінае часы свайго студэнцтва.
«...Я сам у курсе
Астранамічных ведаў быў у бурсе
Галоўнай школы ў Вільні. Там за сродкі
Пузынінай, багатай патрыёткі,
Мы мелі тэлескоп (усе выдаткі
Былі збалянсаваны за падаткі
З двухсот двароў халопскіх — з рук у рукі),
Падтрымлівала пані храм навукі».
Дык вось, гэтая прыхільніца навукі на свае сродкі збудавала ў Лучаі астранамічную абсэрваторыю. Адна з прыхаджанак, старая Яніна, добра памятае тую вежу.
— Свае разбурылі. Вежа была такая прыгожая. Навошта ўзарвалі? Высокая была, на горачцы. Прысады былі прыгожыя да гэтай вежы. Людзі расьцягнулі на цэглу. Такая вежа была! Такія прысады. Усё зьнішчылі.
Але слаўны Лучайскі касьцёл ня толькі малітвамі. Дзякуючы ксяндзу Мікалаю Ліпскаму храм раз на месяц становіцца канцэртнай заляй для беларускіх выканаўцаў. Хто тут толькі не выступаў! І Камоцкі, і Вайцюшкевіч, і Вольскі. Усіх не пералічыць. Слова ксяндзу Мікалаю.
— Здаўна касьцёл падтрымлівае культуру. У Лучаі спантанна выйшла. Мы ладзілі фэсты традыцыйныя. А пасьля, дзякуючы знаёмству зь беларускімі выканаўцамі, сябар сябру падказаў, каго можна запрасіць, і аказалася, што многія хочуць прыехаць да нас, а мы хочам іх слухаць. І мы сталі штомесяц рабіць такія канцэрты. Знаёміць з творчасьцю нашых артыстаў. Так гэта нарадзілася і працягваецца чацьвёрты год.
Гэтым разам да лучайцаў завітаў сьпявак і кампазытар Алег Сямёнаў, заснавальнік гурту «Чысты голас».
— На Захадзе мне часта даводзілася ў касьцёлах сьпяваць. Мне вельмі прыемна сьпяваць у храме. Таму што шмат духоўнай музыкі сьпяваў. Я па адукацыі харавы дырыжор. Нават быў канцэрт нашага хору ў Ватыкане. І аўдыенцыя была ў папы Яна Паўла ІІ. Глядзіце, якая прыгажосьць вакол храма. Гэта і дзяцей прываблівае, і дарослых. У ксяндза Мікалая добрая энэргія, якая выклікае давер. Ён аб’ядноўвае людзей. Ён пастыр у прамым сэнсе гэтага слова.
Былая настаўніца Вольга Трошка не прапускае ніводнага канцэрта. Зрэшты, з такой афішай, як тут, ёй ня трэба ехаць у сталіцу.
— Гэта і касьцёл, гэта і канцэртная заля. Таму што мы маем такога ксяндза! Нам няма больш дзе пачуць нашых такіх артыстаў. Мы больш у зямлі корпаемся, дзетак гадуем. Мінск далёка, Віцебск таксама. Тут мы адпачываем душой. Шмат моладзі зьбіраецца. Гэта найперш для моладзі патрэбна. Таму што гэта выхоўвае ў іх культуру.
Сапраўды, лучайскім вернікам вельмі пашанцавала з ксяндзом. Які не зьбіраецца спыняцца ў пошуку новых імёнаў.
— Мы імкнёмся дапамагчы маладым артыстам. Гурт «Рэха» Андруся Такінданга ня раз прыяжджаў. Іх творчасьць многім падабаецца. Яшчэ з маладых акардэаніст Дзьмітры Корсак. За чатыры гады добры сьпіс склаўся. Запрашаем на фэст Ганны 25–26-га ліпеня. Будзе вялікае сьвята з нагоды нашай апякункі сьвятой Ганны. А на наступны дзень будзе сьвяткаваньне 250-годзьдзя Міхаіла Клеафаса Агінскага.