Праваабаронца Людміла Гразнова была добра знаёмая з Барысам Нямцовым. Кажа, што як жанчыну яе падкупала імпазантнасьць і зьнешняя прыцягальнасьць асобы палітыка, як калегу па дэмакратычным руху — здольнасьць Нямцова пасяліць упэўненасьць у правільнасьці таго, што трэба рабіць і за што змагацца:
«Так, нашы шляхі з Барысам Нямцовым перакрыжоўваліся ў розныя часы і не адзін раз — і ў Маскве і тут, у Беларусі. Што ўвогуле можна пра яго сказаць — не таму, што яго зараз няма, а таму, што ён таго заслугоўвае... Неверагодна прыцягальны чалавек з усіх бакоў — і як зьнешне палітык, і як тое, што ён гаварыў, і як ён гэта рабіў. То бок, настолькі прыцягальная асоба, што, канечне, ён меў вялізную колькасьць прыхільнікаў, якія кіраваліся ягонымі словамі, ягонымі дзеяньнямі. Вось гэта, хутчэй за ўсё, камусьці не падабалася, таму так зь ім абышліся.
Ня буду гаварыць пра розныя вэрсіі — сёньня, мне падаецца, шмат усяго гучыць. Але Расея, безумоўна, скочваецца ў вельмі цяжкую сытуацыю — у бездань, магчыма, грамадзянскай вайны. Усё робіцца дзеля таго, каб стварыць напружанасьць, раскалоць грамадзтва, скіраваць адных супраць іншых і на гэтым паказаць нібыта ратавальнікаў Расеі. Тыя, хто зараз марыць выехаць на белым кані і „ўратаваць Расею“, магчыма, і зацікаўленыя вось у такой эскаляцыі падзеяў. Таму трэба нарэшце ўсім прызадумацца, адэкватна ўсё ацэньваць і дзейнічаць.
Шчыра кажучы, не чакала такога павароту падзеяў, неяк усё ж думала, што Расея ўвесь свой адмоўны імпэт цяпер траціць ва Ўкраіне. Але аказалася, што і ўнутраная напружанасьць пачынае толькі расьці. Таму наперадзе расейцаў чакаюць, напэўна, даволі няпростыя часы».