Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія сьледам за Літвой падвысіць кошты на алькаголь


Чаркі з алькаголем, ілюстрацыйнае фота
Чаркі з алькаголем, ілюстрацыйнае фота

У Латвіі, якая мае агульную дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю, ад заўтрашняга дня падаражэюць алькагольныя напоі. Мясцовыя выданьні паведамляюць, што моцныя напоі будуць у сярэднім за бутэльку каштаваць прыкладна на 1,5 эўра даражэй, віно — на 0,15 эўра, піва — на 0,1 эўра.

Гэтыя зьмены зьвязаныя з падвышэньнем акцызаў на алькаголь.

Як піша газэта Dienas Bizness, акцыз падвышаецца ў сярэднім на 15–24%. І гэта не апошняе павелічэньне. Наступныя падвышэньні чакаюцца 1 сакавіка 2019 і 2020 году. Такім чынам, латвійскі ўрад плянуе падвысіць «алькагольныя» прыбыткі бюджэту.

Латвійская асацыяцыя алькагольнай галіны крытычна паставілася да новаўвядзеньня. Яна папярэджвае: у выніку істотна павялічыцца нелегальны рынак напояў, што можа сур’ёзна паўплываць на здароўе насельніцтва. Таксама існуе пагроза павелічэньня кантрабанды сьпіртовых напояў.

«У мэтах атрыманьня дадатковых прыбыткаў дзяржбюджэту рэзка павялічана стаўка акцызнага падатку на алькаголь. Гэтыя зьмяненьні лічым вельмі вялікай рызыкай росту гандлю нелегальным алькаголем», — сказаў выканаўчы дырэктар асацыяцыі Давіс Віталс. Ён заклікаў урад да дыялёгу.

Латвія вучыцца ў Літвы?

Падобна, што ў Рызе вырашылі скарыстаць літоўскі досьвед. Літве ўдалося і адчувальна зьнізіць продаж алькаголю, і атрымаць больш грошай. За 2017 год, паводле зьвестак міжнароднай кампаніі Nielsen, продаж алькаголю ў літоўскіх гандлёвых сетках упаў у аб’ёмах на 11% (–23,4% віна, –10,3% піва, –10,2% слабога алькаголю, –13,8% моцнага), але вырас у грашовым вымярэньні на 5%.

Паводле Літоўскай асацыяцыі гандлёвых кампаній, гэтыя зьмены, верагодна, зьвязаныя з падвышэньнем акцызаў на алькаголь (раней яны павышаліся паступова, у сакавіку 2017 году рэзка павялічыліся: на 112% — на віно і піва, на 23% — на моцны алькаголь) і больш жорсткімі правіламі продажу: алькаголь цяпер прадаюць не з 18 гадоў, а з 20; толькі з 10 да 20 гадзіны па буднях, а па выходных — з 10 да 15.

Але адзначаецца, што некаторыя жыхары Літвы цяпер купляюць алькаголь у суседніх Польшчы і Латвіі або на «чорным рынку».

Літва і Беларусь — у ліку самых пітушчых. І ў Беларусі продаж алькаголю расьце

Гарэлка на выбарчым участку ў Беларусі 18 лютага 2018 году
Гарэлка на выбарчым участку ў Беларусі 18 лютага 2018 году

У 2016 годзе Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя назвала Літву самай пітушчай краінай Эўропы з 18,2 літра ўмоўнага сьпірту на чалавека за год, на другое месца паставілі Беларусь з 16,4 літра. У рэйтынгу самых нездаровых нацыяў сьвету Беларусь нават абагнала Літву (4 месца супраць 10-га).

За 2017 год беларусы сталі купляць толькі больш алькаголю. Вырасьлі продажы вінаградных вінаў — на 2,9%, пеністых вінаў — на 3,8%, гарэлкі — на 0,5%, каньяку — на 18,0%, піва — на 3,4%, лікёраў і лікёра-гарэлачных вырабаў — на 10,2%, слабаалькагольных напояў — на 8,6%. Упаў толькі продаж пладовых вінаў — на 8,4%. У суседняй Расеі сытуацыя адваротная, сталі купляць меней усяго алькаголю, акрамя пладовых вінаў.

У Беларусі будзе разглядацца абмежаваньне продажу алькаголю з 21 году (цяпер не прадаюць да 18) і іншыя антыалькагольныя захады, але Аляксандар Лукашэнка казаў, што «ў барацьбе з п’янствам нельга пераціснуць». Тым часам выпуск айчынных вінаў у 2018 годзе павялічаць на 80%.

«Электаральная чарка». Адной карцінкай

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG