Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лыка вяжа». Жыхар Драгічынскага раёну пляце лапці, якія калісьці насілі бедныя беларусы


Фёдар Булыга і Еўдакія Зіновіч
Фёдар Булыга і Еўдакія Зіновіч

Лапці — старажытны беларускі абутак — можна адшукаць бадай толькі ў музэях. Яшчэ менш засталося тых, хто здолее з лазы сплесьці сапраўдныя лапці, у якія абуваліся нашы продкі. Ва ўсёй Берасьцейшчыне, мабыць, толькі Фёдар Булыга, жыхар вёскі Вулька Драгічынскага раёну, захоўвае сакрэты пляценьня лапцей.

Фёдар Булыга і Еўдакія Зіновіч прызнаюцца, што апошнім часам попыт на лапці стаў вялізарны. Цяпер у іх не засталося аніводнай пары, нават каб паказаць — усё разабралі. Не засталося і лазы — уся выйшла. Гасьцям паказваюць мадэрнізаваныя лапці: з плястыкавых стужак. Фёдар Фёдаравіч кажа, што цягам году аддаў больш за 20 пар гэтага старажытнага абутку.

«10 пар лапцей аддаў толькі ў наш раён. А колькі ж яшчэ раскупілі розныя людзі. Звоняць нават зь Берасьця, Гомля, Віцебску, зь Менску, просяць лапці. А дзе ж іх узяць, як няма лазы», — кажа Свабодзе майстар.

Сакрэт пляценьня лапцей — ад бацькоў

Лапці з лазы, што раней насілі беларусы
Лапці з лазы, што раней насілі беларусы

Еўдакія Зіновіч кажа, што сёньня ў Драгічынскім раёне ніхто больш ня ўмее плесьці лапці. Ёй і Фёдару прыйшлося ўспамінаць, як гэта рабілі бацькі.

«Некалькі год таму з раёну ў мяне запыталіся, ці зможа хто лапці зрабіць. Я тэлефанавала па ўсіх сваіх знаёмых і нікога не знайшла. Тады і запыталася ў Фёдара, ці ён умее. А ён сказаў, што бачыў, як некалі бацька плёў. Пасьля паспрабаваў, і ў яго атрымалася добра», — кажа спадарыня Еўдакія.

Гаспадары абяцаюць, што з пачаткам сэзону нарыхтуюць сыравіны на новыя лапці, і запрашаюць наведацца летам, каб атрымаць пару старажытнага абутку.

Фёдар Фёдаравіч і Еўдакія Ігнатаўна плятуць лапці
Фёдар Фёдаравіч і Еўдакія Ігнатаўна плятуць лапці

«Чакаем вясны, тады будзем драць лазу і нарыхтуем яе нашмат больш, чым летась. Яе мой бацька некалі нарыхтоўваў зь вясны да Пятра (29 чэрвеня па старым стылі, 12 ліпеня па новым. — РС). Пазьней лазу скручвалі і закідалі на покуць. А вось калі халадала, лазу здымалі, размочвалі і плялі лапці. Лазу дастаткова пакласьці ў гарачую ваду, як яна становіцца мяккай. Калі ў халодную ваду — то трэба трохі пачакаць», — кажа суразмоўца.

Раней плесьці лапці вучыліся пад прымусам, цяпер пра гэта забыліся

Фёдар Фёдаравіч кажа, што раней дарослыя вучылі дзяцей плесьці лапці пад прымусам. Цяпер жа і ён задумваецца над тым, каб навучыць гэтаму рамяству сыноў.

Лаза скончылася, дык умелец сплёў мадэрнізаваныя лапці — з плястыкавых стужак
Лаза скончылася, дык умелец сплёў мадэрнізаваныя лапці — з плястыкавых стужак

«Раней бацька сам плёў лапці, — кажа ён. — Я часта назіраў за ягонымі рукамі. Пазьней, як падрос, то бацька і мяне прымушаў плесьці. Вясной, зімой мы пастаянна хадзілі ў лапцях. Нягледзячы на мароз і мокрыя ногі, рэдка хварэлі. Ногі абмотвалі анучаю, пазьней саломаю. Яна тады была трохі іншая, мяккая. Бо малацілі ўручную. Потым парцянку накладалі. У любыя, нават самыя моцныя маразы ногі ня мерзьлі. Нібы ў валёнках, цёпла было».

Дзеці маглі скоўзаць лапці за некалькі гадзін

Звычайна даросламу чалавеку лапцей хапала на некалькі дзён. Дзецям — яшчэ меней. Таму плялі лапці доўгімі зімовымі вечарамі з запасам.

Лапці ад умельца з Драгічынскага раёну
Лапці ад умельца з Драгічынскага раёну

«На тое, каб сплесьці лапці, патрэбен дзень. Пасядзіш так некалькі гадзін, дык рукі вельмі баляць ад гэтай лазы, — прызнаецца майстар. — Можна добра ведаць, як плятуцца лапці, але ня ў кожнага гэта атрымлівалася. Трэба ўмець дакладна ўсё рабіць».

Ён прыгадвае, як дзеці зімой коўзаліся па лёдзе, дык лапці за дзень сьціраліся:

«Бацькі сварыліся, але мусілі плесьці новыя. Таму лазы трэба было вельмі шмат. Дралі лазу ўсю вясну, каб хапіла. А навокал жа былі балоты паўсюль. Таму яе хапала на ўсіх».

У мясцовасьцях, дзе не было балот і лазы, дралі лыка зь ліпы, дуба. Дзеці глядзелі на дарослых і потым рабілі гэтаксама, як і старэйшае пакаленьне.

Еўдакія Ігнатаўна і Фёдар Фёдаравіч
Еўдакія Ігнатаўна і Фёдар Фёдаравіч

«Некалі вечары ў нас праходзілі паводле такога сцэнару: маці тчэ за станком, бацька лапці пляце. Пры гэтым яны сьпявалі. А мы, малыя, назіралі за імі. Запаміналі іх рухі, працу, словы песень. Іншай школы не было. Я, напрыклад, наагул неадукаваная. Калі была малая, то ўсё роўна трэба было шмат працаваць, таму маці мяне не пусьціла ў школу. Так, нешта сама навучылася чытаць, лічыць», — узгадвае Еўдакія Ігнатаўна.

Сямейны дуэт з Драгічынскага раёну запрашаюць у ЗША

Еўдакія і Фёдар выступаюць і як сямейны фальклёрны дуэт.

Еўдакія Ігнатаўна паказвае ўзнагароды за ўдзел у розных фэстах
Еўдакія Ігнатаўна паказвае ўзнагароды за ўдзел у розных фэстах

«Старажытныя сьпевы, старыя матывы сёньня сталі надзвычай папулярныя. У вёсках яшчэ захаваліся тэксты, але з адыходам старэйшага пакаленьня яны зьнікнуць. Мы зь Фёдарам пачалі ўспамінаць матывы, словы. Нешта пытаемся ў бабулек. Пачалося гэта некалькі гадоў таму, пасьля таго як Фёдар стаў загадчыкам мясцовага Дому культуры. А песьні, якія мы сьпяваем, — то ўсе, што памятаем ад нашых бацькоў, — распавядае Еўдакія Зіновіч.

Дуэт «Булыга і Зіновіч» ужо езьдзіў у Слонім, Менск, у Польшчу. Цяпер іх запрашаюць у ЗША. «Але баюся туды ляцець. У самалёце трэба ажно дзесяць гадзін правесьці, цяжка», — кажа спадарыня Еўдакія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG