Празь 10 дзён па зьнікненьні 10-гадовага Максіма Мархалюка Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч.2 арт. 167 КПК.
Артыкул пастанаўляе пачынаць справу, калі цягам 10 дзён з падачы заявы аб зьнікненьні чалавека выявіць ягонае месцазнаходжаньне не атрымалася. Раней сьледчыя ня бачылі падставаў для крымінальнай справы і заяўлялі, што прычын меркаваць, што хлопчык стаў ахвярай злачынства, няма.
Тым часам Мархалюка шукаюць тысячы валянтэраў і сотні міліцыянтаў, але ня знойдзена ніводнага сьледу хлопчыка.
У Беларусі зьнікае каля 12 тысяч чалавек за год, у лясах губляюцца дзясяткі чалавек, некаторых шукаюць па 5, 10 і нават 20 гадоў. Ня знойдзена з 1991 году больш за дзьве з паловай тысячы чалавек.