125 год таму нарадзіўся аўтар словаў дзяржаўнага гімну БНР Краўцоў Макар. Нацыянальна-дзяржаўным гімнам магла стаць, але ня стала іншая песьня. Ці не паўплывала на гэта мова вершаў?
Набліжаецца 25-годзьдзе прыняцьця нацыянальнага сьцяга і „Пагоні“ ў якасьці дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусі. Гімн тады не ўдалося ўхваліць. А шкада: акурат у 1991-м было стагодзьдзе, як нарадзіўся Краўцоў Макар. Дзяржаўны дзяяч і вайсковец БНР, пэдагог, публіцыст, перакладнік і паэт.
Ягонае імя найперш зьвязваецца зь вершаваным творам – адным, але выключна важным.
Музыка Ўладзімера Тэраўскага. Хор беларускіх студэнтаў Лювэнскага ўнівэрсытэту пад кіраўніцтвам Міколы Равенскага
Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А ґвалту мы дамо адпор!
Макар Косьцевіч (я запомніў, што так ставіла націск Зоська Верас), родам з Баброўні ля Скідзеля, прыбраў сабе псэўданім Краўцоў Макар. Увага: Краўцоў тут не заменьнік прозьвішча, а прыналежны прыметнік ад Краўца, дзедавай мянушкі паводле рамяства. Чые дзеці? Краўцовыя дзеці. Чый Макар? Краўцоў Макар. І падпісваўся ён у такім, „адваротным“, парадку:
І лісты пазначаў скаротам КрМ.
Пасьля Сьвіслацкай настаўніцкай сэмінарыі настаўнічаў, пры розных уладах беларусізаваў школу, у тым ліку нелегальна. Трапіў на фронт Першай усясьветнай вайны. Адзін з асноўных удзельнікаў Усебеларускага зьезду 1917 году, вылучаны Зьездам сябра Рады БНР. Ствараў беларускае войска. Той самы „Ваяцкі марш“, які першымі засьпявалі ваяры Слуцкага фронту БНР, апублікаваў 30 кастрычніка 1919 году ў газэце „Беларусь“ (рэдактар-выдавец Язэп Лёсік, супрацоўнікі Янка Купала і Краўцоў Макар, сакратар Зьмітрок Бядуля. Між іншага, праз тыдзень, 6 лістапада, усе яны падпісалі просьбу да старшыні Рады Народных Міністраў БНР Антона Луцкевіча выдаткаваць 75000 руб. на далейшае выданьне газэты, якая, такім чынам, фактычна была друкаваным органам БНР).
Поруч з вайсковай і дзяржаўна-палітычнай беларускай працай Краўцоў Макар пасьпеў напісаць і лемантар для дзяцей, і вершы, і ўспаміны, і паперакладаць на беларускую Гогаля, Міцкевіча, Сянкевіча, Шаўчэнку. У 1939-м арыштаваны саветамі. Дзе загінуў ад іхных рук і дзе пахаваны – невядома.
Пра ўзьнікненьне й лёс „Ваяцкага маршу“ нямала пісалі гісторыкі Аляксандра Гесь, Уладзімер Ляхоўскі, Алег Латышонак, Алена Глагоўская, Сяржук Вітушка. Мы ж паслухаем мовы твораў, якія прэтэндавалі на ролю беларускага нацыянальнага гімну ў тыя гады. Але перш заўвага.
Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам
Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам
Рубрыка на Радыё Свабода прысьвечаная беларускай мове і культуры. Думайце па-беларуску! Слухаць на Soundcloud
Гімн дзяржавы й гімн народу – ці адно і тое?
Гімн дзяржавы можна зацьвердзіць загадам, але нацыянальны гімн прымае сам народ.
У нашым рэгіёне Эўропы, дзе нацыі аднаўлялі/стваралі свае дзяржавы ў працяглай барацьбе з імпэрыямі, нацыянальнымі гімнамі часьцей за ўсё станавіліся песьні нацыянальна-вызвольнага змаганьня. Звычайна такі нацыянальны гімн і становіцца дзяржаўным.
Калі ж яны розныя – значыць, паняволеньне (фармальнае ці не) працягваецца. Так, нацыянальны і дзяржаўны гімны не супадалі ўва ўсіх эўрапейскіх народаў у складзе савецкай імпэрыі. Былі рознымі, прыкладам, румынскі ці нямецкі нацыянальныя гімны і афіцыйныя гімны адпаведна СРР і ГДР. Але як толькі абрынуўся СССР, нацыянальныя гімны ўсюды тут жа вярнулі сабе статус дзяржаўных (як „Ще не вмерла України...“). Усюды, акрамя Беларусі.
Нацыянальна-дзяржаўныя гімны нярэдка нясуць на сабе адбітак іншага часу. Дамброўскі з прыпеву польскага гімну ідзе маршам чамусь з Італіі. Каб зразумець гэты вобраз, трэба разьбірацца ў польскай гісторыі. Але хоць разьбіраюцца ня ўсе, ніхто не патрабуе польскі гімн перапісаць або памяняць.
Рэлігійны гімн – іншы жанр
Прыблізна з 14 стагодзьдзя рытмічны зварот да Багародзіцы, выяўленай і на рэвэрсе тагачаснага дзяржаўнага сьцягу, стаў песьняй, зь якой, магчыма, ваяры Вялікага Княства Літоўскага ішлі ў бой. Яшчэ да Грунвальдзкай бітвы яго ў нас запазычылі палякі. Верш зьмешчаны ў Статуце ВКЛ 1529 году.
Сьпявае гурт „Стары Ольса“:
У тваго сына гаспадзіна
матка зволена, Марыя,
Зычы ж нам, спусьці ж нам.
Κύριε, ἐλέησον!
Дзеясловы ў форме загаднага ладу – просьбы: Зычы нам, спусьці (‘адпусьці’) нам. Гэтага вымагае малітоўны жанр. І ў новым часе зьяўляліся песьні-гімны ў гэтым жанры. Карусь Каганец напісаў верш „О Божа, Спасе наш“, які паклаў на музыку Людамір Рагоўскі:
О Божа, Спасе наш,
Ты міласьць нам пакаж,
Зь нядолі вызваль нас,
Збудзі Ты нас ўжо раз.
Урэшце, „Магутны Божа“ Натальлі Арсеньневай і Міколы Равенскага – бадай, найвыдатнейшы беларускі рэлігійны гімн, мова якога бездакорна адпавядае жанру малітвы-просьбы: рассып праменьне, дай спору ў працы, зрабі свабоднай...
Хто нас разбудзіў?
Але вернемся да твораў з рысамі гімну мадэрнай нацыі. У ХХ ст. храналягічна першы такі твор – „Адвеку мы спалі“, 1906 год, аўтар словаў Аляксандар Мікульчык (фактычна вядомы дзякуючы аднаму вершу; аўтарства вызначыў Аляксей Каўка). Музыка таго самага Ўладзімера Тэраўскага:
У 20-я гады так званая „Беларуская Марсэльеза“ была неафіцыйным гімнам беларусаў у БССР, але потым яе выкаранілі на карысьць „Інтэрнацыяналу“. Максім Гарэцкі ўкладае ў вусны герояў аповесьці „Дзьве душы“ такую вэрсію:
Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі,
Сказалі, што трэба рабіць,
Што трэба свабоды, зямлі чалавеку,
Што трэба зладзеяў пабіць...
Чацьверты радок радыкалізаваў Уладзіслаў Галубок: у арыгінале было „Што трэ’ лепшай долі здабыць“. У кожным разе „мы“ ў песьні – аб'ект чужога ўплыву, граматычна – ня дзейнік, а дапаўненьне. Нас разбудзілі, нам сказалі. Цікава, хто ж будзіў ды казаў?
І далей – Сьмяюцца над намі багатыя людзі. Мова верша праграмуе падлегласьць. Між іншым, у Заходняй Беларусі шырока хадзіла травэстацыя песьні, якая абыграла закладзеную ў яе аб’ектнасьць беларускага народу: „Адвеку мы спалі, ды нас разбудзілі, і ў с... нам далі, і спаць палажылі“.
Аб’ектнасьць толькі крыху выпраўляе нават апошні куплет: Мы дружна паўстанем з касамі, сярпамі, / Прагонім зь зямлі палачоў!
Купала
Натуральна, на гімны прэтэндавалі Купалавы творы. Пакуль не было агульнапрынятага гімну, на беларускіх урачыстасьцях выконвалі па некалькі песень. Скажам, на Ўсебеларускім зьезьдзе поруч з „Адвеку мы спалі“ гучала і „А хто там ідзе“. На знакаміты верш кампазытар Людамір Рагоўскі напісаў музыку ў 1910 годзе. Але памер і рытміка верша Купалы няпростыя для кампазытара і для масавага выкананьня. Умоўная рэканструкцыя мэлёдыі:
Але галоўнае – моўныя знакі падпарадкаванасьці: беларусы нясуць на худых плячах крыўду, іх гэтаму навучылі бяда і гора. Пра беларусаў ідзецца ў трэцяй асобе – ня мы, а яны. „Захацелась ім людзьмі звацца“. Пры ўсёй зварушлівасьці і трагічнасьці, твор „А хто там ідзе“ ня змог стаць гімнам адроджанага да дзяржаўнага жыцьця народу. Хаця былі спробы надаць тэксту новую музычную шату. Яе (негімнічную) стварыў Сяргей Картэс, сьпяваюць мулявінскія „Песьняры“:
Больш валявы ды пазытыўны іншы Купалаў твор з гімнавай музыкай – „Не загаснуць зоркі ў небе“ (1911 год, музыка Міколы Янчука).
Беларускаю рукою
Сьветлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Бацькаўшчыне мілай.
Мы – суб'ект, мы – сіла. Тыя, хто ў пачатку 1980-х адкрываў для сябе беларушчыну, схаваную савецкімі ідэолягамі, лічылі менавіта гэты твор прыдатным на ролю нацыянальнага гімну (пра „Ваяцкі марш“ мы яшчэ ня ведалі). Ён гучаў як адна з гімнавых песень на легендарным устаноўчым зьезьдзе БНФ у 1989 годзе ў Вільні. Але асноўная вобразная неадпаведнасьць верша ролі гімну – тое, што край забраны. Пазьней у Заходняй Беларусі першыя радкі перайначылі: „Не загіне край наш родны“.
Зь іншых Купалавых твораў наблізілася да вымаганьняў гімну „Маладая Беларусь“ (1913 год). У фінале верша – дзеясловы загаднага ладу ў значэньні жаданьняў, зьвернутых да Беларусі. Сьпявае легендарны тэнар La Scala Міхась Забэйда-Суміцкі:
Падымайся зь нiзiн, сакалiна сям’я,
Над крыжамi бацькоў, над нягодамi,
Занiмай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад мiж народамi!
Але твор на гімнавую музыку Канстанціна Галкоўскага пашырыўся пазьней за бурлівыя падзеі станаўленьня новае дзяржаўнасьці.
Багдановіч
Багдановічава „Пагоня“ – асобная гімнавая тэма і, як уся паэзія Багдановіча, вельмі музычны твор. На „Пагоню“ напісалі музыку Мікола Равенскі, Мікола Шчаглоў-Куліковіч, Аляксей Туранкоў, урэшце, Уладзімер Мулявін. Праўда, пазьней за гарачыя гады тварэньня БНР. Лявон Луцкевіч казаў нам, што „Пагоню“ беларуская моладзь у міжваенны час сьпявала на мэлёдыю францускай „Марсэльезы“, што мы тут жа і падхапілі. Невыпадкова Лявон Вольскі цытуе „Марсэльезу“ (поруч зь „Бітламі“) у сваёй вэрсіі „Пагоні“ на дыску „Я нарадзіўся тут“:
Акрамя таго што арыгінальная музыка да „Пагоні“ гістарычна спазьнілася, сам твор Багдановіча, геніяльны як верш, магчыма, занадта складаны для нацыянальнага гімну. Значная частка вобразаў – пра здраду, пакаяньне ды адкупленьне – хоць моцныя і, на жаль, дагэтуль актуальныя, але наўрад ці натхняюць.
І ўсё ж Краўцоў
Несумненна, што і ў Купалавых творах уласна паэтычныя вобразы моцныя і глыбокія. І нашыя сучасьнікі ў пачатку 1990-х пісалі таленавітыя прапановы да гімну адноўленае беларускае дзяржавы. Але для зьяўленьня нацыянальнага гімну важны час, акалічнасьці, у якіх ён становіцца натхняльнай песьняй для народу. Слуцкі фронт БНР быў рэальнай ваеннай барацьбой за незалежнасьць. Слуцкая брыгада ў тыя гады стала ці не галоўным увасабленьнем волі беларусаў да свае дзяржаўнасьці.
Вобразы ў творы Краўцовага Макара не прэтэндуюць на мэтафарычнасьць, яны даволі простыя (можа гэта і патрэбна для жанру?). У „Ваяцкім маршы“ важнейшае іншае. Беларусы бяруць свой лёс у свае рукі, беларускія каштоўнасьці -- суб'екты актыўнага дзеяньня. Мы выйдзем; мы дамо адпор; мы адродзім жыцьцё Рэспублікі сваей. Абвесны лад дзеяслова, ніякіх просьбаў і мольбаў. Вораг пачуе й пабачыць імя і сілу беларуса, які сам вырашае свой лёс. Случакі невыпадкова выбралі „Ваяцкі марш“ як сваю галоўную песьню. (Дарэчы, кампазытар Тэраўскі – сам случак. Сутворца гімну БНР расстраляны НКВД у Менску ў 1938-м.) Гімн сьцьвердзіўся адначасова як нацыянальны – і як дзяржаўны, стаўшы ў парадыгму нацыянальна-дзяржаўных сымбаляў. Як зазначае Алег Латышонак, „у гэтым маршы ўжо прысутнічае згадка пра беларускі сьцяг“.
Неўзабаве „Ваяцкі марш“ апярэдзіў іншыя песьні (прынамсі на непадкантрольнай саветам беларускай тэрыторыі) у ролі нацыянальнага гімну. Але цікава, што нават бальшавікі, адчуваючы патэнцыял песьні, напачатку дазволілі яе пашырэньне ў БССР. Ул. Тэраўскі выдаў у 1921 г. у Менску „Беларускі сьпеўнік“, дзе на загад цэнзуры радкі пра наш сьцяг былі замененыя на „Свабодны сьцяг, штандар чырвоны“.
Цягам гісторыі „Марш“ зазнаў аўтэнтычныя рэдакцыйныя зьмены ў параўнаньні зь першаўзорам 1919 году. Ці то сам Краўцоў, ці то Хведар Ільляшэвіч (так мяркуе Алена Глагоўская) памяняў азначэньне „народу беднага“ (цалкам дарэчы) на „народу слаўнага“. Радкі „Хай ажыве закамянелы / Наш беларускі родны дух“ сталі гучаць „Няхай жыве магутны, сьмелы... “. Усе праўкі пасьлядоўна касуюць нават намёк на вобраз беларускага народу як аб’екту, як ахвяры.
Хрэстаматыйнае сучаснае выкананьне гімну прапанаваў хор „Унія“ ў культавай праграме „Беларускія маршы й песьні. Лірыка змаганьня“:
(Хаця мушу зазначыць, што тут музыкі (і ня толькі яны) сьпяваюць апошняе слова гімну не паводле арыгіналу. У вершы, нагадаю, было:
Браты, да шчасьця мы падходзiм,
Хай гром грымiць яшчэ мацней,
Ў крывавых муках мы адродзiм
Жыцьцё Рэспублiкi сваей.
У тагачаснай літаратурнай мове прыналежныя займеньнікі скланяліся крыху іначай: сваей – родны склон, сваёй – давальны. І рыфма „мацней – сваей“ бясспрэчная.)
Сяргей Навумчык быў нагадаў, што ў 1991 гозе гімн БНР „Мы выйдзем шчыльнымі радамі“ прапаноўвалі прызнаць дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусі Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў. На жаль, з розных прычынаў гэтага не адбылося. Але каб шанаваць твор Краўцовага Макара і Ўладзімера Тэраўскага як наш нацыянальны гімн, ніякіх фармальнасьцяў ня трэба. Што ж да дзяржаўнага гімну, то калі мы ўглядаем пачатак нашае новае дзяржаўнасьці ў БНР, дык і трыяда дзяржаўных сымбаляў – Пагоня, Сьцяг і „Мы выйдзем шчыльнымі радамі“ – павінна захоўвацца. Гэта не мэню на нейчы выбар і густ.