Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кітайская» мадэрнізацыя давяла да даўгоў


Крычаўскі цэмэнтны завод
Крычаўскі цэмэнтны завод

Дзяржаўны доўг Беларусі наблізіўся да 37 мільярдаў рублёў, што складае 39,4% ад усяго валавога ўнутранага прадукту краіны. Прычым толькі летась рост склаў 12%. Такія лічбы назваў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў на пленарным пасяджэньні намесьнік міністра фінансаў Беларусі Юры Селівёрстаў.

Цікава, што за два дні да гэтага першы намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч назваў крыху іншы паказьнік. Паводле яго, дзяржаўны доўг складае 39 мільярдаў. І гэта ён сказаў таксама перад дэпутатамі, але толькі чальцамі камісіі па бюджэту і фінансах.

Селівёрстаў прызнаў, што шмат сродкаў патрачана на мадэрнізацыю. Аднак гэтыя ўкладаньні сябе не апраўдалі. У прыватнасьці, у Магілёўскай вобласьці запазычанасьць прадпрыемстваў, якія вырабляюць цэмэнт і прайшлі мадэрнізацыю, перавышае 200 мільёнаў даляраў. Спагнаць гэтыя грошы адразу не ўдаецца.

«Трэба шукаць балянс інтарэсаў. Спыніць прадпрыемствы за тое, што яны даўжнікі, мы ня можам і ня хочам, бо ў цэлым гэта не прывядзе да станоўчага выніку», — падкрэсьліў намесьнік міністра фінансаў.

Доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба камэнтуе сытуацыю Свабодзе:

«Мадэрнізацыя трох цэмэнтных прадпрыемстваў аказалася правальнай. Кітайскія тэхналёгіі, якія там запусьцілі, — гэта тэхналёгіі ўчорашняга дня. У выніку атрымалася, што кошт вытворчасьці гэтага цэмэнту занадта вялікі, а цэны на яго занадта высокія. Як я разумею, ахвотных пераплачваць няма. Думаю, што страты наша дзяржава верне. Але за кошт насельніцтва, за ягоныя падаткі».

Экспэрт нагадаў, што ўлады спрабавалі мадэрнізаваць яшчэ і дрэваапрацоўку і папяровую прамысловасьць. Аднак і там вялікія грошы патрацілі неэфэктыўна. А калі ўлічыць, што нядаўна чыноўнікі павялі размову пра новыя інвэстыцыйныя праграмы ў трактарабудаваньні і машынабудаваньні, то, падобна, нас чакаюць новыя бессэнсоўныя траты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG