На Кастрычніцкім эканамічным форуме з дакладам «Чаму нам не патрэбныя эканамісты» выступіў былы дарадца прэзыдэнта па эканоміцы, а цяпер амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды.
Спадар Руды ўзгадаў, што летась на Кастрычніцкім форуме ён выступіў з дакладам «Чаму рэформы не атрымаюцца».
І вось праз год зрабіў выснову: «Справа не ў рэформах, справа ў адносінах да эканомікі, стаўленьні да эканамістаў».
Каму не патрэбныя эканамісты? Самой эканоміцы, бо яны не ўплываюць на яе рост. Калі ў 2014 годзе пачаўся адток капіталу з разьвітых краінаў, і ў нас стала горш.
Нашы эканамісты заточаныя не на рост эканомікі, а на яе структуру.
Кірыл Руды назваў нашых эканамістаў «прадаўцы дзяржаблігацый»: «Доўг расьце — эканоміка падае», — рэзюмаваў спадар Руды.
Па-другое, эканамісты не патрэбныя грамадзтву, гэта значыць палітыкам. Па-трэцяе, эканамісты не патрэбныя бізнэсу. Эканамісты, па-першае, уносяць хаос, па-другое, у іх няма паўнамоцтваў. Эканамісты не патрэбныя і самі сабе — прапануюць адно і тое ж: «дарожныя мапы», стратэгіі і г. д.
Хто ж патрэбны Беларусі? Кірыл Руды перакананы:
«Па-першае, патрэбныя бізнэсоўцы. Па-другое — юрысты, якія могуць абараніць бізнэс ад сілавога ціску дзяржавы. Па-трэцяе, нам патрэбныя сацыёлягі».
На мінулагоднім Кастрычніцкім эканамічным форуме быў зроблены прагноз, што ў 2016 годзе рэформы не атрымаюцца. Так і ёсьць: клімат не зьмяніўся, эканоміка падае, — робіць высновы Кірыл Руды.
Напрыканцы свайго выступу ён нагадаў кітайскую прыпавесьць: мастак намаляваў цмока, але пабаяўся, што ён паляціць, і замаляваў цмоку вочы...
Цалкам тэкст выступу Кірыла Рудага зьявіцца на сайце Свабоды пазьней.