Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніком «Трайпла» стаў сын Юрыя Чыжа


Холдынгам «Трайпл» стаў кіраваць 28-гадовы сын Юрыя Чыжа Сяргей.

У кампаніі «Трайпл» адмовіліся ад камэнтароў, паведамляе партал TUT.BY.

У Сяргея Чыжа добрая адукацыя. Нягледзячы на маладосьць, ён мае кіраўнічы вопыт.

Дагэтуль Сяргей Чыж быў дырэктарам кампаніі «Простор-Трейд», якая кіруе пяцьцю гіпэрмаркетамі Prostore у Менску. Раней стала вядома, што Сяргей Чыж абраны замест бацькі на пасаду старшыні назіральнай рады футбольнага клюбу «Дынама-Менск».

Гендырэктара «Трайпла» Юрыя Чыжа затрымалі 11 сакавіка. Яго падазраюць у нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Раней старшыня КДБ Валеры Вакульчык, адказваючы на пытаньне пра «справу Чыжа», заявіў журналістам, што «няма нават блізка падстаў адпусьціць яго пад падпіску аб нявыезьдзе».

Разам з Чыжом былі затрыманыя яшчэ пяць чалавек (сярод іх — Эдмунд Тышкевіч, намесьнік Чыжа па эканамічных і фінансавых пытаньнях). 31 траўня стала вядома пра вызваленьне зь СІЗА КДБ некалькіх фігурантаў справы Чыжа. Ім зьмянілі меру стрыманьня, бо гэтыя людзі супрацоўнічаюць са сьледзтвам. Імёны вызваленых не называюцца.

Тым часам крымінальная справа ў дачыненьні да партнэраў Чыжа Ўладзімера і Казьбека Япрынцавых паступіла ў суд Цэнтральнага раёну Менску. Япрынцавы абвінавачваюцца ва ўчыненьні злачынства паводле ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу (махлярства, зьдзейсьненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры). Па крымінальнай справе праходзіць таксама Аляксандар Арабян, супрацоўнік групы кампаніяў «Трайпл».

На прэсавай канфэрэнцыі 15 сакавіка старшыня КДБ Валеры Вакульчык паведаміў, што Юры Чыж, даведаўшыся пра ператрусы ў офісах кампаніяў, спрабаваў на машыне ўцячы за мяжу. Чыжу пагражае да сямі гадоў турмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG