Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпісантаў за Мікалая Казлова прывабіў бел-чырвона-белы сьцяг


Мікалай Казлоў, архіўнае фота
Мікалай Казлоў, архіўнае фота

«Выбары для мяне — гэта не сымбалічны жэст, а спосаб барацьбы», — намесьнік старшыні партыі АГП Мікалай Казлоў зьбіраецца ў дэпутаты.

Падпалкоўнік міліцыі ў запасе, адзін зь лідэраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў мае намер вылучыць сваю кандыдатуру на сёлетніх выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Пікеты па зборы подпісаў у яго падтрымку праходзяць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ў Старавіленскай акрузе (№ 105) у Менску. У 2012 годзе Казлоў ужо спрабаваў паўдзельнічаць у парлямэнцкай кампаніі, але ня быў зарэгістраваны.

Паводле яго, тыя выбары мелі выключна сымбалічны характар і разьлічваць на пэўны посьпех не даводзілася, таму апазыцыйныя кандыдаты мелі на мэце іх байкатаваць:

«Сёньня сытуацыя крыху зьмянілася. Я вылучаюся ў кандыдаты не для таго, каб сказаць «Выбараў няма», а каб паўнавартасна папрацаваць і зрабіць для перамогі ўсё, што ад мяне залежыць».

На пікеце па вуліцы Харужай у Менску каля інфармацыйнага стэнду АГП некалькі чалавек дыскутуюць са зборшчыкамі подпісаў. Актывіст АГП распавядае, якую рэакцыю пікет выклікае ў мінакоў:

«Людзі актыўна падыходзяць, цікавяцца кандыдатам, задаюць пытаньні. Такой апатыі, як падчас прэзыдэнцкіх выбараў, няма. Зьдзіўляе, што часам яны выказваюць радыкальныя думкі пра Плошчу, пратэсты... Значна больш радыкальныя погляды дэманструюць, чым наша партыя і беларуская апазыцыя ўвогуле. З маіх назіраньняў можна сказаць, што ў грамадзтве расьце незадаволенасьць уладай і заклапочанасьць будучыняй».

Мікалай Казлоў часта сам прысутнічае на сваіх пікетах, гутарыць з кожным цікаўным мінаком. Побач працуюць ініцыятыўная групы яго супернікаў — праўладнай прэтэндэнткі ў кандыдаты сьпявачкі Ірыны Дарафеевай і эканаміста Віктара Цярэшчанкі:

«Вы можаце ўбачыць, што ўсе стэнды, уся атрыбутыка на пікетах Дарафеевай прафінансавана дзяржавай. Бачна, што рэчы засталіся з прэзыдэнцкіх выбараў, і цяпер выкарыстоўваюцца праўладнымі палітыкамі. Мы ж зрабілі стэнд самі, уласнымі рукамі», — кажа Казлоў.

Ён ужо ведае, які законапраект ён ініцыяваў бы першым, калі б апынуўся ў Палаце прадстаўнікоў:

«Я пачаў бы з прасоўваньня ідэі аб неабходнасьці вярнуць нацыянальную сымболіку — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». Пасьля выступіў бы за адмену шэрагу ўказаў і дэкрэтаў кіраўніка краіны, якія лічу немэтазгоднымі. Рабіў бы акцэнт на зьніжэньне падаткаў. І, як былы міліцыянт, прапанаваў бы скараціць колькасьць супрацоўнікаў праваахоўных органаў, бо цяпер яна недарэчна высокая, гэта незразумела пры адносна нізкім узроўні крыміналу ў Беларусі».

Патэнцыйны кандыдат заўважае, што не абышлося без складанасьцяў падчас рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Актывістаў выклікалі ў адміністрацыю Цэнтральнага раёну, дзе прыёмная камісія з некалькіх чалавек зладзіла адмысловы іспыт — «тэст» на веданьне Выбарчага кодэксу. Мікалай Казлоў падкрэсьлівае, што праз гэты іспыт ініцыятыўная група згубіла тыдзень працы і выставіла пікеты пазьней за канкурэнтаў.

Падчас нашай размовы да пікету падышоў мужчына сталага веку і, паказваючы на бел-чырвона-белы сьцяг, зьвярнуўся да Казлова:

«Гатовы паставіць подпіс адразу, проста з-за гэтага сьцягу! Толькі дзеля яго варта нешта рабіць...»

***

Мікалай Казлоў — афіцэр, падпалкоўнік міліцыі ў запасе. Быў звольнены з праваахоўных органаў у 2008 годзе, калі падчас выбараў выявіў факт укідваньня бюлетэняў у скрыню для датэрміновага галасаваньня і не пабаяўся агучыць гэты факт у прэсе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG