Адмова ад ідэі разьмясьціць у Беларусі расейскую авіябазу не выглядае канчатковым рашэньнем.
Пра гэта сказаў у інтэрвію Свабодзе дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.
Сёньня кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што цяпер няма сэнсу гаварыць па пытаньні разьмяшчэньня расейскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі.
«Пакуль пытаньне на дадзеным этапе закрыта. Але гэта не азначае, што да яго нельга будзе вярнуцца ў выпадку, калі адпаведныя акалічнасьці зьменяцца і мы вымушаны будзем прымаць нейкія адэкватныя меры рэагаваньня», — падкрэсьліў ён.
Казакевіч лічыць, што цяперашняя сытуацыя проста не спрыяе таму, каб Расея магла нарошчваць сваю вайсковую прысутнасьць у Беларусі:
«Па-першае, дастаткова складаная сытуацыя ўнутраная. Па-другое, ёсьць неабходнасьць нармалізоўваць стасункі з Захадам, і таму ня трэба раздражняць гэтай базай суседзяў Беларусі, якія ўжо зьяўляюцца сябрамі НАТО. Плюс цяпер у Беларусі адносна моцныя пазыцыі ў перамовах з Расеяй, бо ёсьць пэўныя зьнешнепалітычныя посьпехі ў кантэксьце зьняцьця заходніх санкцыяў — фактычна ёсьць прызнаньне беларускай улады ў якасьці легітымнай».
Але палітоляг лічыць, што пытаньне пра расейскую авіябазу ўсё ж канчаткова ня вырашана.
«Калі мы кажам, што Макей нешта сказаў, то мы павінны разумець, што гэта ня ёсьць афіцыйнае рашэньне. Усё ж была пэўная прапрацоўка гэтага пытаньня. Я ня думаю, што Расея цалкам адмовіцца ад гэтай ідэі, але сапраўды можа быць нейкая паўза ў гэтай сытуацыі. Я ня ведаю, наколькі гэта можа зацягнуцца, але пакуль, прынамсі, гэта не выглядае як нейкае канчатковае рашэньне нават у сярэднетэрміновай пэрспэктыве», — сказаў Казакевіч.