Намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які балятуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе, заяўляе, што выбары ў гэтай акрузе не адбыліся.
Паводле ягоных зьвестак, чальцы ўчастковых камісіяў, якія выяжджалі ў вёскі, галасавалі за выбарцаў. Партыец спасылаецца на сьведчаньні жыхароў вёскі Бахані, што ў Бялыніцкім раёне. За дваіх выбарцаў прагаласавалі чальцы Цяхцінскай участковай камісіі.
«Двое вяскоўцаў прыехалі на ўчастак прагаласаваць у 19:20, і аказалася, што ў рэгістрацыйных лістах за іх ужо стаяць росьпісы, то бок нехта за іх прагаласаваў», — кажа фронтавец.
«Я зь імі гутарыў, і яны гатовыя падаць скаргі, што былі парушаныя іхныя правы, і нават на судзе пацьвердзіць свае словы, — кажа Рыгор Кастусёў. — Я, у сваю чаргу, ужо занёс скаргу ў Шклоўскую акруговую камісію. Яе не хацелі прымаць, але ўсё ж такі прынялі. У заяве патрабую, каб вынікі галасаваньня па Шклоўскай акрузе прызналі несапраўднымі, а выбары — не адбытымі».
Партыец ужо пераказаў гэтыя зьвесткі назіральнікам ад АБСЭ і СНД.
Рыгор Кастусёў настойвае, што парушэньне, выкрытае вяскоўцамі, — звыклая практыка чальцоў участковых камісіяў, якія выяжджаюць у вёскі, дзе няма ўчасткаў для галасаваньня.
«Такія выезды робяць ня толькі да нямоглых людзей, але да ўсіх выбарцаў з аддаленых вёсак. У тым жа Цяхціне людзі самі галасуюць, а па двух дзясятках вёсак езьдзіць камісія з урнамі. І замест сотні вяскоўцаў двум-тром даюць галасаваць, а астатнія бюлетэні ўкідваюцца самі чальцамі камісіяў у гэтыя урны. І гэта падаецца так, нібыта прагаласавалі людзі. Двое вяскоўцаў сьцьвярджаюць, што за многіх іхных землякоў прагаласавала камісія».
Па Шклоўскай выбарчай акрузе, акрамя Кастусёва, балятуюцца памочнік прэзыдэнта, інспэктар па Берасьцейскай вобласьці Дзьмітры Гобараў, а таксама дырэктарка бялыніцкай школы Тацяна Балдышэўская ды сябра Лібэральна-дэмакратычнай партыі з Магілёва Сяргей Сяўко.