Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Каліноўскі: гістарычная постаць і міт, легенда


8 лютага ў менскай галерэі «Ў» Беларускі калегіум зладзіў прэзэнтацыю кнігі «Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі» («Kastuś Kalinoŭski and the Nation-Building Process in Belarus»). Якую ролю ў фармаваньні нацыянальнай ідэнтычнасьці адыгрывае гістарычная навука, а якую гераізацыя і гістарычная міфатворчасьць?

На гісторыю сучаснай Беларусі велізарны ўплыў зрабіла постаць Кастуся Каліноўскага, прычым ня толькі ягоная дзейнасьць, але і культурная легенда, што паўстала вакол яго самога і вакол паўстаньня 1863–1864 гадоў. Вацлаў Ластоўскі назваў Каліноўскага «справядлівым», а Генадзь Кісялёў — «рыцарам свабоды».

Пытаньні ўзаемадзеяньня навуковага і папулярнага асэнсаваньня мінулага на прыкладзе адной з найярчэйшых асобаў беларускай гісторыі абмяркоўваліся на міжнароднай канфэрэнцыі ў Лёндане ў сакавіку 2014 году. У канфэрэнцыі бралі ўдзел 14 дасьледчыкаў — гісторыкі, літаратуразнаўцы, сацыёлягі зь Беларусі, Польшчы, Літвы, Вялікай Брытаніі. Паводле матэрыялаў канфэрэнцыі і выйшла гэтая кніга.

Рэдактар кнігі доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук
Рэдактар кнігі доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук

У прэзэнтацыі ўзялі удзел Алесь Смалянчук, рэдактар кнігі, доктар гістарычных навук, Інстытут славістыкі Польскай акадэміі навук; Ірына Дубянецкая, доктар тэалёгіі, акадэмічны дырэктар Беларускага Калегіюма; Алесь Краўцэвіч, доктар гістарычных навук, Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў (Варшава); Андрусь Унучак, кандыдат гістарычных навук, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Андрэй Казакевіч, доктар палітычных навук, Інстытут «Палітычная сфэра».

«Гэтая праца адметная тым, што 2013–14 гады, калі адзначаўся 150-гадовы юбілей, былі напоўнены паўстаньнем Каліноўскага, тады ж адбываліся вострыя дыскусіі. А цікавасьць зборніка ў тым, што мы дасьледуем і гістарычны пэрсанаж, і легенду. Бронзавы манумэнт Каліноўскаму ўжо збудавалі. Але трэба разумець асобу Каліноўскага. Гэта ня быў нацыяналіст. У „Мужыцкай праўдзе“ Беларусі асабліва і ня бачыш, там пішацца збольшага пра Літву. У беларускіх архівах шмат гісторый пра паўстаньне. Праўда пра паўстаньне павінна выходзіць за межы манумэнту.

Другая частка кнігі прысьвечаная міту. І мы ўжо не баімся гэтых словаў: міт Каліноўскага, легенда Каліноўскага», — адзначыў прафэсар Алесь Смалянчук.

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

Прафэсар Алесь Краўцэвіч напісаў артыкул «Каліноўскі ў беларускім пантэоне»:

«Міт пра Каліноўскага стаў фармавацца яшчэ ў савецкай Беларусі. Іншая справа — наколькі ён грунтуецца на гістарычнай рэальнасьці. Але Каліноўскі перш за ўсё — асоба. Нават пад шыбеніцай ён ня здаўся (як рабілі гэта ў 2010 годзе беларускія палітыкі)...

Пра Каліноўскага ёсьць маса матэрыялаў у архівах, таму можна адкрываць новыя і новыя дэталі, і гісторыкі, якія працуюць на гераізацыю, могуць гэта рабіць з чыстым сумленьнем», — кажа прафэсар Краўцэвіч.

Гісторык Андрусь Унучак вывучаў, як адзначаўся 120-гадовы юбілей Каліноўскага ў 1958 годзе.

«Каліноўскага шанавалі пры ўсіх уладах — пры немцах, пры БНР, пры бальшавіках. Падчас другой усясьветнай вайны Пятрусь Броўка піша верш. Імем Каліноўскага хацелі цэлую дывізію назваць, называлі партызанскія атрады. Шанавалі Каліноўскага і пры немцах — у 1944 годзе ў Менску назвалі вуліцу, шануюць у эміграцыі, шануюць і пасьля вайны. У 1958 годзе ў Сьвіслачы ўсталёўваецца помнік Каліноўскаму», — адзначыў спадар Унучак.

Андрусь Унучак, кандыдат гістарычных навук, і Ірына Дубянецкая, доктар тэалёгіі
Андрусь Унучак, кандыдат гістарычных навук, і Ірына Дубянецкая, доктар тэалёгіі

Ірына Дубянецкая — аўтарка артыкулу «Рыфмуюцца Кастусь і Беларусь: стварэньне героя ў працэсе нацыятворчасьці».

«Што Кастусь Каліноўскі думае пра Беларусь, мы ня ведалі — усё толькі інтэрпрэтацыя. Каліноўскі ў Беларусі — літаратурны герой № 1. Пры гэтым вакол Каліноўскага ў літаратуры спрэчак няма — толькі аднадушная гераізацыя, услаўленьне яго як найярчэйшага пэрсанажа, сумленнага, шчырага, пасьлядоўнага змагара — усе пазыцыі зьбіраюцца разам (і сацыяльныя, і нацыянальныя). Кастусь кліча за сабой, яму вераць. Яго сьмерць таксама ўплывае на краіну. Гераізацыя сьмерці Каліноўскага надзвычай вялікая ў літаратуры (чаго раней не было ў беларускай традыцыі).

Другая лінія: Кастусь — малады чалавек, які рана памёр. Каханьне было, яно няспраўджанае — да Марысі. Па напале трагічнасьці — ён непараўнальны», — адзначыла Ірына Дубянецкая.

Ірына Дубянецкая
Ірына Дубянецкая

Падчас прэзэнтацыі разгарэлася і вострая дыскусія: як ставяцца да Каліноўскага польскія і літоўскія гіторыкі, ці лічаць палякі і літоўцы беларускага нацыянальнага героя сваім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG