Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвотных ісьці ў дэпутаты — 630. Колькі іх застанецца, абвесьцяць 12 жніўня 


Чацьвер, 11 жніўня, — апошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня. Сёлета на 110 дэпутацкіх крэслаў пададзена 630 заяваў.

На папярэдніх выбарах, чатыры гады таму, конкурс быў меншы — 494 чалавекі. У 2012 годзе зь іх зарэгістравалі 363, то бок адмовілі кожнаму чацьвёртаму з патэнцыйных прэтэндэнтаў.

Якія страты панясуць прэтэндэнты сёлета, Цэнтральная выбарчая камісія абвесьціць 12 жніўня.

Пакуль жа агульнае ўражаньне такое, што цяпер адмоваў меней, чым у 2012 годзе. Так, у офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі Свабодзе паведамілі:

«Сёньня мы маем пакуль толькі дзьве адмовы. Абедзьве — у Віцебскай вобласьці. Гэта Сяргей Васільеў і Аляксандар Турок. Адзін зьбіраўся балятавацца ў Полацкай акрузе, другі — у Сеньніцкай. У абодвух праблемы з дэклярацыямі. Зараз наш юрыст высьвятляе, у чым там канкрэтна справы. Калі будуць падставы для скаргі, будзем абскарджваць».

Рашэньне аб рэгістрацыі прымае акруговая камісія. На ранейшых выбарах яе вэрдыкт можна было аспрэчваць непасрэдна ў Цэнтравыбаркаме. Аднак сёлета ЦВК зь сябе гэтыя клопаты зьняў. Цяпер скаргі прымае адпаведная абласная камісія. Калі і яна ня выправіць рашэньне акруговай камісіі, застаецца яшчэ адна і апошняя інстанцыя — абласны суд. Ні Вярхоўны суд, ні ЦВК на гэтых выбарах такімі справамі болей не займаюцца.

У грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» ад пачатку рэгістрацыі сем адмоваў — кажа начальнік выбарчага штабу «ГП» Сяргей Вазьняк:

«Зараз якраз высьвятляем, наколькі апраўдана адмоўлена нашым вылучэнцам. Сям-там, трэба прызнаць, самі вінаватыя. Вось адзін з прэтэндэнтаў даўным-даўно прадаў свой аўтамабіль аж 1971 году вытворчасьці. Але ж з уліку ў ДАІ гэты „дыназаўр“ ня зьняты. Ёсьць яшчэ прыкры прыклад. Другі кандыдат сярод подпісаў у сваю падтрымку сабраў подпісы выбарцаў, якія пражываюць па-за межамі ягонай выбарчай акругі. Каго тут вінаваціць, акрамя сябе?!»

І ўсё ж экспэрты лічаць, што на гэтых выбарах адмоваў будзе меней, чым у папярэднюю парлямэнцкую кампанію. Адна з падставаў для такога меркаваньня — сёлета зарэгістраваныя беларускія палітычныя партыі вылучылі на 136 прэтэндэнтаў болей, чым на папярэдніх выбарах. А партыйным кандыдатам не патрэбныя подпісы выбарцаў, для іх вылучэньня дастаткова рашэньня зьезду. Так што памылак тэарэтычна павінна быць меней параўнальна з выбарамі 2012 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG