Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Камісары з Крамля» запусьцілі «Спутнік» у Беларусь


Дзьмітры Кісялёў расказвае пра праект Sputnik на прэзэнтацыі ў лістападзе
Дзьмітры Кісялёў расказвае пра праект Sputnik на прэзэнтацыі ў лістападзе

У медыяпрасторы Беларусі зьявіўся новы расейскамоўны партал — ru.sputnik.by. Матэрыялы для яго рыхтуе разьмешчаны ў Менску карэспандэнцкі пункт Міжнароднага інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня».

Карэспандэнцкі пункт «России сегодня» ў Беларусі ачоліў журналіст Андрэй Качура. Ён прыязна паставіўся да просьбы Свабоды адказаць на некалькі пытаньняў, зьвязаных з пэрспэктывамі і плянамі новай мэдыйнай структуры. Але пры адной умове — з дазволу кіраўніка прэсавай службы «России сегодня». Пакуль такога дазволу, магчыма з-за даўгіх выходных у Расеі, няма.

Новы мэдыйны партал sputnik.by запрацаваў зь сярэдзіны сьнежня 2014 году. Сваімі першымі ўражаньнямі ад яго са Свабодай дзеліцца мэдыя-экспэрт Паўлюк Быкоўскі:

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

«Я пабачыў шмат знаёмых імёнаў журналістаў. Там ёсьць людзі з Інтэрфаксу, былога РИА „Новости“, былы супрацоўнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ, прадстаўніцтва тэлеканалу „Россия“... Гэтыя людзі вядомыя ў журналісцкім асяродзьдзі.

Матэрыялы дастаткова якасныя. Цяпер такога прапагандысцкага кірунку заўважыць немагчыма».

Паўлюк Быкоўскі невыпадкова акцэнтаваў увагу на прапагандысцкім характары матэрыялаў. Новы расейскі холдынг, як падкрэсьлівае ягоны генэральны дырэктар Дзьмітры Кісялёў, будзе распавядаць пра падзеі ў сьвеце «з улікам расейскага погляду на сытуацыю». А які погляд у самога Кісялёва і галоўнага рэдактара холдынгу Маргарыты Сіманьян, ведае кожны, хто глядзіць расейскія фэдэральныя каналы.

Досьвед працы новага холдынгу, філіі якога пачалі працаваць найперш у ЗША і ў Францыі, паказвае, што ён скіраваны на прапаганду плянаў Уладзімера Пуціна, — кажа мэдыя-экспэрт Леанід Міндлін:

Леанід Міндлін
Леанід Міндлін

«Гэта найперш інфармацыйнае забесьпячэньне таго, што робіць гэты крамлёўскі рэжым, яго зьнешняй і вайсковай палітыкі. І пакуль гэта робіцца з сапраўдным посьпехам, бо мы бачым вельмі высокапрафэсійнае і высокатэхналягічнае інфармацыйнае ўзьдзеяньне.

Цяпер ідзе пашырэньне інфармацыйнай прасторы, якая патрэбная Крамлю. І калі лічыць Беларусь часткай інфармацыйнай прасторы Расеі (а Крэмль гэта так і бачыць), то відаць, што Крэмль рэалізуе і тут сваю палітыку».

Абодва экспэрты не выключаюць, што час ад часу будуць узьнікаць сытуацыі, калі інтарэсы афіцыйнага Менску і Крамля ня будуць супадаць. Паўлюк Быкоўскі мяркуе:

«Ru.sputnik.by робіцца як беларускі праект. То бок ён павінен працаваць у беларускай інфармацыйнай прасторы і адгукацца на беларускія падзеі. Праўдападобна, што ў гэтым праекце будзе прысутнічаць і расейскі погляд. Але паколькі ў гэтага праекту ёсьць звышзадача, то таму „камісары з Крамля“ будуць заўсёды глядзець і вызначаць, што добра, а што кепска. І на чым трэба рабіць акцэнт».

А Леанід Міндлін прагназуе, што ўжо даволі хутка ў журналістаў менскага карэспандэнцкага пункту могуць узьнікнуць складанасьці, якія ўжо мелі месца ў Беларусі і раней:

«Яны будуць працаваць тут у тых самых умовах, у якіх калісьці працавалі карэспандэнты тых жа самых расейскіх фэдэральных каналаў. Мы памятаем гісторыю з Шараметам, памятаем гісторыю зь Селіным. Памятаем і закрыцьцё „Вестей“ на пэўны тэрмін. Тут ёсьць праблема. І яна, дарэчы, будзе ўплываць на адносіны паміж Крамлём і нашым кіраўніцтвам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG