Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Нацбанку: «Беларусь ня мае надзвычайнай патрэбы ў крэдыце МВФ»


Павал Калаўр на Кастрычніцкім эканамічным форуме
Павал Калаўр на Кастрычніцкім эканамічным форуме

Старшыня Нацыянальнага банку Павал Калаўр сказаў, што Беларусь цяпер ня мае патрэбы ў надзвычайных крэдытах ад міжнародных фінансавых структур. Узровень інфляцыі да 2020 году чакаецца на ўзроўні 5%, стаўкі рэфінансаваньня — да 10%.

Выступ старшыні Нацбанку на Кастрычніцкім эканамічным форуме быў прысьвечаны 25-годзьдзю супрацоўніцтва Беларусі зь Міжнародным валютным фондам:

«Мы, безумоўна, будзем працягваць дыялёг, таму што ў нас вельмі шмат тэмаў для сумеснага кампэтэнтнага абмеркаваньня. Менавіта дыскусія прафэсіяналаў дапамагае выпрацоўваць найбольш прымальныя рашэньні. Безумоўна, спачатку мы маем патрэбу ў правільнай дыягностыцы, ну, а потым, ужо маючы прафэсійны аналіз, будзем выбудоўваць правільныя рашэньні і атрымаем той вынік, якога мы заслугоўваем.

Самае вялікае дасягненьне, як кажуць мэдыкі, — правільна паставіць дыягназ. Правесьці адпаведную дыягностыку і разумець глыбіню праблем. Ну, і самае галоўнае — выбудаваць прыярытэтнасьць гэтых праблем. Мы павінны спачатку вырашаць праблемы вышэйшага ўзроўню, а потым апускацца да праблемаў ніжэйшага ўзроўню. Часьцяком мы гэтага не разумеем. І тут нам дапамагае міжнародная экспэртыза. Мы ведаем, што нам рабіць — я маю на ўвазе ўрад і каманду Нацбанку».

Што тычыцца чаканьня крэдытаў ад МВФ, Павал Калаўр сказаў:

Мы паставілі канкрэтныя мэты па дасягненьні інфляцыі на ўзроўні ня больш за 5% да 2020 году

«Мы ня ставім цяпер пытаньня пра нейкія надзвычайныя крэдыты, бо мы ў іх ня маем вострай патрэбы. Мы хочам працягнуць супрацоўніцтва па тых асноўных кірунках, якія прадугледжаныя пяцігадовай Праграмай эканамічнага разьвіцьця. Наконт выпрацоўкі рашэньняў нам дапамагаюць міжнародныя фінансавыя арганізацыі, у тым ліку і МВФ.

Цэнавая стабільнасьць — асноўная мэта працы Нацбанку. І гэта ўжо вызначана ў цяперашнім статуце Нацбанку. Мы будзем рухацца да выкарыстаньня манэтарнай палітыкі, якая называецца „інфляцыйнае таргетаваньне“. Мы паставілі канкрэтныя мэты па дасягненьні інфляцыі на ўзроўні ня больш за 5% да 2020 году. Што тычыцца пераходу, ён будзе мець паступовы характар. У наступным годзе мы мяняем апэрацыйную мэту — замест кантролю грашовай масы мы будзем кантраляваць працэнтныя стаўкі на грашовым рынку.

Фінансавая стабільнасьць — таксама адна з прыярытэтных задач. У аснове фінансавай стабільнасьці ляжыць эканамічны дабрабыт нашых прадпрыемстваў. І тут разам з урадам нас чакае вялікая праца па павышэньні іх эфэктыўнасьці».

У праекце грашова-крэдытнай палітыкі, які падрыхтаваны Нацыянальным банкам, ацэначная лічба па стаўцы рэфінансаваньня — каля 10%, сказаў старшыня Нацбанку Павал Калаўр:

«Мы ня маем намеру рабіць нейкія вялікія крокі па зьніжэньні стаўкі рэфінансаваньня ў наступным годзе. Мы павінны пераканацца ў стабільнасьці плацёжнага балянсу, у стабільнасьці інфляцыі. Наша задача па інфляцыі — стабільна замацавацца ў межах 6 плюс-мінус 1%».

Віцэ-прэм’ер Мацюшэўскі распавёў, чаму прабуксоўваюць перамовы з МВФ аб новым крэдыце

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG