Суд Ленінскага раёну Берасьця пакараў берасьцейскага блогера Аляксандра Кабанава штрафам у 50 базавых велічыняў (1225 рублёў) за заклік да несанкцыянаванай масавай акцыі. Такое ж пакараньне і блогеру Сяргею Пятрухіну.
Такімі заклікамі суд палічыў словы Аляксандра Кабанава і блогера Сяргея Пятрухіна падчас трансьляцыі пра тое, што яны выйдуць на плошчу, калі ня спыніцца будаўніцтва акумулятарнага заводу.
Каб падтрымаць Пятрухіна і Кабанава, на суд прыйшлі некалькі дзясяткаў берасьцейцаў, у залі не было вольнага месца.
Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна затрымалі 23 лютага, выходныя яны правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
26 лютага ў судзе Ленінскага раёну затрыманыя запатрабавалі ўдзелу ў працэсе адваката. Суд задаволіў хадайніцтвы і абвясьціў перапынак да 28 лютага. На месца правядзеньня акцыі 25 лютага, калі Пятрухін і Кабанаў былі ў ізалятары, прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек.
Раней абодвум блогерам пракуратура вынесла папярэджаньні за заклікі да несанкцыянаванай акцыі.