Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шульган: «Мяне адпусьцілі, калі даведаліся, што вылучаюся на прэзыдэнта»


Суд Ленінскага раёну Менску адправіў на перагляд адміністрацыйную справу Юрыя Шульгана, які абвясьціў сябе прэтэндэнтам на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, заснавальніка так званай «партыі дармаедаў».

Юры Шульган быў вызвалены з-пад арышту ў залі суду, пасьля чаго даў інтэрвію Свабодзе:

— Учора ўвечары я быў у гасьцях у сябра на кватэры, якую ён наймае ў Менску. Мы шмат размаўлялі пра палітыку, пра прэзыдэнцкія выбары. У адзін момант у кватэру зайшла сяброўка гаспадара кватэры. Яна паслухала нашу гаворку, пайшла ў суседні пакой і выклікала міліцыю.

— Вы там выпівалі ці хуліганілі — чаму яна выклікала міліцыю?

— Для мяне гэта таксама загадка. Яна пасьля прасіла прабачэньня, але вось так. Магчыма, што яна спалохалася, што пачула вось такія антыпрэзыдэнцкія размовы і што гэта можа мець нейкія наступствы. Вось так я апынуўся ў аддзеле міліцыі, дзе і правёў ноч. А сёньня мяне адвезьлі ў суд, які доўжыўся некалькі хвілін. Судзьдзя сказаў — Шульган, зайдзіце. Шульган зайшоў, і судзьдзя, трымаючы мае паперы, сказаў, што гэтая справа павінна быць перагледжаная, можаце быць вольныя — усё ляканічна і хутка.

— За што вас затрымалі ўсё ж і ў чым абвінавачваюць? Што ў пратаколе затрыманьня судзьдзю не задаволіла?

— Судзьдзя свайго рашэньня не тлумачыў і пратаколу не зачытваў. Так, яго пісалі ўчора падчас затрыманьня, але ў чым мяне вінавацяць — ня ведаю. Гэты пратакол міліцыянты аддалі судзьдзі. Мне не давалі гэты пратакол падпісаць ці пазнаёміцца зь ім. Я і не прасіў. Калі б прасіў, то, магчыма, і далі б. Але я гэтак быў зьдзіўлены гэтым затрыманьнем, што мне і ў галаву не прыйшло чытаць той пратакол — у чым мяне вінавацяць.

— Ваш паплечнік Павал Канавальчык мяркуе, што вас хацелі прыцягнуць да адказнасьці за нейкія ранейшыя адміністрацыйныя правапарушэньні.

— Так, у мяне ёсьць некалькі нясплачаных штрафаў. Да прыкладу, за безьбілетны праезд. Я таксама думаў, што гэта можа быць падставай, але судзьдзя гэтага пытаньня не падымаў. Калі б хацелі за гэта прыцягнуць да адказнасьці, то і прыцягнулі б. Для мяне самога загадка, і я не разумею, чаму мяне затрымалі і ў чым вінавацяць. Усё гэта на мяжы абсурду. Магчыма, што на гэта неяк паўплывала, што кіраўнік майго перадвыбарчага штабу Паўлюк Канавальчык ад ранку „падняў“ СМІ.

— А можа, гэтае затрыманьне быць зьвязанае з тым, што вы абвясьцілі пра вылучэньне на ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі?

— Мне падаецца, што наадварот — калі мяне забіралі, то ня ведалі, каго забіраюць. А калі даведаліся, што я балятуюся, то мяне вырашылі вызваліць, каб ад граху далей. Мяне забіралі проста як чалавека, а калі даведаліся, што я кандыдат у прэзыдэнты, то лепш — ідзіце, ідзіце...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG