Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: «На выбарах 1994 году я галасавала за Кебіча»


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына, якая можа пакінуць сваю пасаду да 20 сьнежня, дала інтэрвію інфармагенцтву БелаПАН.

У ім яна згадала, што на першых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі галасавала не за Аляксандра Лукашэнку, якога падтрымлівае ўжо больш за 20 гадоў, а за Вячаслава Кебіча:

«Я чалавек сыстэмы, прадстаўнік дзяржаўнай улады па сваім службовым становішчы. Абавязковай умовай працы і існаваньня кожнага чыноўніка на пасадзе ёсьць ляяльнасьць да дзяржаўнай улады. Гэта неабходна. Калі хочаш быць неляяльным, вольным — сыходзь зь дзяржаўнай сыстэмы. Пакуль ты ў ёй — ты павінен быць ляяльным. Гэта ўмова існаваньня любой дзяржавы. Менавіта з гэтага прынцыпу на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году я галасавала за Кебіча», — згадвае Ярмошына.

Вячаслаў Кебіч падае два пальцы Аляксандру Лукашэнку ў часе рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, 31 траўня 1994 г. Фота з газэты «Свабода»
Вячаслаў Кебіч падае два пальцы Аляксандру Лукашэнку ў часе рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, 31 траўня 1994 г. Фота з газэты «Свабода»

З той жа прычыны на рэфэрэндуме 24 лістапада 1996 года Ярмошына падтрымала ўжо Лукашэнку і аддала свой голас за прапанаваныя ім зьмены ў Канстытуцыю, якія значна пашырылі прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Яна тлумачыць свой выбар таксама тым, што канцэнтрацыя ўлады ў руках аднаго чалавека гэта «адна з галоўных умоваў, каб дзяржава разьвівалася стабільна». Вярхоўны савет 12-га скліканьня яна назвала «органам, ні на што ня здольным, акрамя балбатні».

Яна сьцьвярджае, што ейны папярэднік на пасадзе старшыні ЦВК Віктар Ганчар у 1996 годзе «не хаваў, што прыйшоў у ЦВК толькі на час рэфэрэндуму».

Віктар Ганчар, 21 ліпеня 1999 году
Віктар Ганчар, 21 ліпеня 1999 году

Ганчар адмовіўся прызнаваць вынікі рэфэрэндуму, быў незаконна заменены на Ярмошыну Лукашэнкам, які ня меў на тое паўнамоцтваў. У 1999 годзе Ганчар узначаліў альтэрнатыўны ЦВК на «альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбарах», не прызнаных дзяржавай, у тым жа годзе бясьсьледна зьнікнуў у Менску — перад тым, як зьбіраўся агучыць на паседжаньні Вярхоўнага савету плян па адхіленьні Лукашэнкі ад улады. Цела Ганчара дасюль ня знойдзенае, вінаватыя афіцыйна не названыя.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына галасуе датэрмінова на парлямэнцкіх выбарах 2016 году
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына галасуе датэрмінова на парлямэнцкіх выбарах 2016 году

Прызначэньня старшынёй ЦВК сама Ярмошына не чакала:

«Гэта было настолькі раптоўна, што я нават не пасьпела падумаць і прааналізаваць тое, што адбываецца, — згадвае яна. — Страх прыйшоў пазьней. Я не памятаю, ці спала я хоць адну ноч з 14 па 24 лістапада (1996 году. — РС). Далей пачаўся вельмі складаны палітычны пэрыяд. Ён быў зьвязаны з выгнаньнем Ганчара з працоўнага месца службай бясьпекі прэзыдэнта, палітычным супрацьстаяньнем паміж кіраўніком дзяржавы і парлямэнтам, з пагрозамі на мой адрас. Гэта ўсё было цяжка для чалавека новага і, па сутнасьці, правінцыйнага».

Пагрозы прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за незаконнае прызначэньне, заяўляе Ярмшына, ішлі як ад парлямэнтарыяў, так і асабіста ад Ганчара. Ганчара яна адносіць да «залатой моладзі», «хлопчыкаў-мажораў».

***

У 1994 годзе ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў бралі ўдзел самавылучэнцы Аляксандар Лукашэнка (які тады быў дэпутатам Вярхоўнага савету), Вячаслаў Кебіч (у 1990-1994 гадах старшыня Савету міністраў) і Станіслаў Шушкевіч (у 1991-1994 гадах старшыня Вярхоўнага савету), дэпутат Вярхоўнага савету і старшыня партыі БНФ Зянон Пазьняк, старшыня Саюзу аграрыяў Аляксандар Дубко і камуніст Васіль Новікаў. Паводле афіцыйных зьвестак, у першым туры Лукашэнка набраў 44,82% галасоў, Кебіч — 17,33%, Пазьняк — 12,82%, Шушкевіч —10%. У другім туры Лукашэнка перамог з 80,1% галасоў паводле афіцыйных зьвестак.

Гэта быў першы і апошні раз, калі ў Беларусі быў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. У час старшынства Ярмошынай у ЦВК Лукашэнка нязьменна перамагаў у першым туры, нягледзячы на заявы беларускіх і заходніх назіральнікаў аб шматлікіх парушэньнях. Таксама ў час Ярмошынай практычна не было апазыцыі ў парлямэнце — утвораным Лукашэнкам замест Вярхоўнага савету Нацыянальным сходзе. На сёньня ў верхняй палаце, Савеце рэспублікі, няма апазыцыі, у ніжняй, Палаце прадстаўнікоў, 2 са 110 дэпутатаў у адкрытай апазыцыі Аляксандру Лукашэнку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG