Беларуская эканоміка знаходзіцца ў сыстэмным крызісе, выхаду зь якога ў бліжэйшай будучыні не прадбачыцца.
Такое меркаваньне ў размове з Радыё Свабода выказалі эканамісты.
Паводле дадзеных Белстата, за паўгодзьдзе ВУП Беларусі зьнізіўся ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году на 3,3%.
Між тым згодна з прагнозам сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2015 год, зацьверджаным кіраўніком дзяржавы, ВУП краіны павінен вырасьці на 0,2–0,7%.
Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук у інтэрвію Радыё Свабода падкрэсьліў, што беларуская эканамічная мадэль ідзе ў тупік.
«Той рэсурс, які быў ва ўлады ў выглядзе рэшткаў савецкай эканомікі, ён за 20 гадоў цалкам быў праедзены, эканоміка ідзе ў тупік. У 2015 годзе, бязь зьмены мадэлі ўзаемаадносін паміж вытворцамі і дзяржавай, паміж прадпрымальнікамі і дзяржавай, нічога не зьмяніць, будзе толькі горш. Зьнешніх фактараў падтрымкі беларускай эканомікі, акрамя крэдытаў, няма. Унутраных магчымасьцяў рэгуляваньня павелічэньня попыту таксама няма, у эканоміцы набралася вельмі шмат памылак і хібаў. Таму гэта паўнавартасны квадракрызіс: гэта крызіс мадэлі, крызіс структуры, крызіс каньюнктуры і крызіс кадравы. Кадравы, таму што тыя людзі, якія былі дарадцамі Кебіча, апошняга камуністычнага кіраўніка Беларусі, сталі праз 20 гадоў аберагаць ад іншых пунктаў гледжаньня прэзідэнта Беларусі, які таксама ідзе тым жа шляхам плянавай сацыялістычнай эканомікі. І вось яна якраз уваходзіць у фазу дэградацыі», — заявіў экспэрт.
Паводле прагнозаў Раманчука, па выніку 2015 году падзеньне ВУП Беларусі складзе ад 3,5 да 5% у залежнасьці ад таго, як будзе складацца сытуацыя з крэдытамі, а таксама ад некаторых іншых фактараў.
«Але тое, што бізнэс вельмі пэсымістычна ставіцца да пэрспэктываў — гэта відавочна. Такога нэгатыўнага стаўленьня да сваёй будучыні ў бізнэсу яшчэ не было ў гісторыі Беларусі. Мы, па сутнасьці, вяртаемся ў той пункт, калі Лукашэнка казаў, што трэба запусьціць заводы. Сёньня трэба перазапускаць ня толькі заводы, але і ўсю эканоміку», — кажа ён.
Эканаміст Леанід Злотнікаў таксама ўпэўнены, што спад беларускай эканомікі — сыстэмная зьява.
«Ужо шмат гадоў наша апрацоўчая прамысловасьць страчвала свае пазыцыі на сусьветным рынку, скарачаўся аб’ём вытворчасьці ўжо з 2012 году (таму мы і гаворым пра сыстэмны крызіс). На гэта наклаліся іншыя тэндэнцыі — у прыватнасьці, санкцыі супраць Расеі і падзеньне цэнаў на нафту. Цэны на нафту, па ўсіх прагнозах, ня вернуцца на ранейшыя пазыцыі, а ў расейскай эканоміцы, па прагнозах навукоўцаў, рэцэсія надоўга — як мінімум на два гады. Таму няма фактараў, няма тых тэндэнцыяў, якія б вялі да эканамічнага росту», — кажа ён.
Пры гэтым Злотнікаў адзначыў, што паказчыкі ВУП у краінах, дзе, як і ў Беларусі, няма рынкавай эканомікі, не зусім карэктна адлюстроўваюць рэальны стан рэчаў. Аднак, з пункту гледжаньня эканаміста, нават па гэтых не заўсёды аб’ектыўных паказчыках росту чакаць ня варта.
Трэба, каб беларуская прадукцыя стала канкурэнтаздольнай на сусьветным рынку — а пэрспэктыў гэтага не відаць
«Імкнучыся выканаць розныя паказчыкі аб’ёму вытворчасьці і ВУП, прадпрыемствы выраблялі прадукцыю нават тады, калі яна ня мела збыту. І таму назапашвалася і ў гэтым годзе працягвала назапашвацца прадукцыя на складах. Паўстаў крызіс неплацяжоў, а каб ён вырашыўся, трэба, каб беларуская прадукцыя стала канкурэнтаздольнай на сусьветным рынку — а пэрспэктыў гэтага не відаць. Гэта значыць, сытуацыя паляпшацца ня будзе. Але калі Расея дасьць крэдыт 3 мільярды даляраў, то гэта крыху дапаможа. Прынамсі, сытуацыя не пагоршыцца, застанецца на ранейшым узроўні. Калі ж крэдытаў ня будзе, то, напэўна, сытуацыя пагоршыцца. Перад выбарамі трохі падкінуць грошай насельніцтву, дадуць крэдыты стратным прадпрыемствам, але пасьля выбараў крыніц падтрымкі наагул ня будзе», — мяркуе ён.
Пры гэтым Злотнікаў ня лічыць, што цяперашні стан эканомікі Беларусі карэктна называць рэцэсіяй.
«Рэцэсія — гэта заканамерны этап разьвіцьця рынкавай эканомікі. А ў Беларусі няма рынкавай эканомікі, таму гэта не рэцэсія, а сыстэмны спад», — падкрэсьліў ён.