Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: Беларусь хочуць ператварыць у пляцдарм для расейскіх імпэрыялістычных войскаў


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч ацаніў у інтэрвію Свабодзе пагрозы ад расейскай авіябазы, разьмяшчэньня якой на беларускай тэрыторыі дамагаецца Крэмль.

— Разьмяшчэньне расейскай вайсковай базы, калі яно ўсё ж такі адбудзецца, нясе надзвычай сур’ёзную пагрозу нацыянальным інтарэсам Беларусі і бясьпецы нашых грамадзян. Таму што, відавочна, у кантэксьце таго, як сёньня разгортваюцца стасункі паміж Расеяй і ўсімі яе суседзямі і вольным сьветам, можна казаць, што разьмяшчэньне расейскай вайсковай базы на беларускай тэрыторыі адназначна азначае ператварэньне нашай зямлі фактычна ў пляцдарм для расейскіх імпэрыялістычных войскаў у іхнім памкненьні чыніць ціск як на Ўкраіну, гэтак і на нашых заходніх суседзяў, на Польшчу і краіны Прыбалтыкі. Тыя самалёты, пра якія ідзе гаворка, — гэта не самалёты-зьнішчальнікі, якія павінны былі б ахоўваць паветраную прастору. На сёньняшні момант няма пагрозы для Беларусі з боку НАТО, і ня трэба нам такая ахова. Таму відавочна, што яны будуць не ахоўваць, а пагражаць, бо гэта ў першую чаргу ўдарныя самалёты.

І з палітычнага пункту гледжаньня, хоць Беларусь і ёсьць фармальным вайсковым саюзьнікам Расеі, але адна справа — гэта нейкія супольныя пэрыядычныя манэўры, і зусім іншая сытуацыя — калі Расея будзе мець на нашай тэрыторыі сваю вайсковую базу. То бок гэта азначае, што ва ўсіх магчымых плянах супрацьстаяньня, у тым ліку і з боку Захаду, наша зямля будзе разглядацца як магчымая цэль для першачарговых удараў. Гэта значыць, што з разьмяшчэньнем расейскай вайсковай базы фактычна Беларусь уцягваецца ў вельмі небясьпечнае супрацьстаяньне паміж Расеяй і заходнім сьветам, якое невядома чым скончыцца. Нашых інтарэсаў у гэтым супрацьстаяньні няма, і натуральна, што беларускі народ — ня толькі тыя, хто будзе жыць побач з гэтай базай, але і ўсе беларускія людзі — становіцца закладнікам сёньняшняй вар’яцкай зьнешняй палітыкі Расеі.

— Беларусь апынулася ў цяжкай эканамічнай сытуацыі. Экспэрты кажуць, што разьмяшчэньне тут расейскай вайсковай базы — гэта накшталт абмену стратэгічнай перавагі на крэдыты і інвэстыцыі, якія дапамогуць Беларусі пратрымацца.

— На маю думку, сёньняшняя пуцінская Расея ўжо даўно адышла ад ельцынскай палітыкі, як гэта рабілася пры Ельцыну і ў першыя гады праўленьня Пуціна, калі сапраўды гэта быў гандаль, вайсковае супрацоўніцтва ў абмен на эканамічную дапамогу. Сёньня, на прыкладзе таго, як усё адбываецца ва Ўкраіне, на іншых прыкладах расейскай зьнешняй палітыкі, мяркую, можна казаць пра расейскі шантаж. Перакананы, што сёньня яны значна менш прапаноўваюць нейкіх эканамічных выгодаў (і гэта добра бачна) за тое, што тут, у Беларусі, будуць рэалізоўвацца іхныя вайсковыя і палітычныя інтарэсы. Мяркую, гаворка пра пагрозы: у тым выпадку, калі вы не дазволіце разьмяшчаць тут нашы вайсковыя базы, вы будзеце мець тыя ж праблемы, якія сёньня мае Ўкраіна. Лічу, менавіта з такіх пазыцыяў сёньня вядзецца гаворка Пуціным. Тым больш небясьпечна паддавацца на такі ціск і такі шантаж, таму што рана ці позна ў іх сапраўды могуць узьнікнуць спакусы выкарыстаць у тым ліку і гэтую вайсковую базу, якая фактычна будзе мець у сваім кіраваньні аэрадром. То бок пры тым, што яны кантралююць неба, гэта фактычна адкрыты канал, адкрыты калідор пастаўкі і расейскіх войскаў — у тым выпадку, калі яны вырашаць пайсьці на нейкае вайсковае ўмяшаньне ў справы Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG