Вёска Зыбайлы ўсяго за 10 кілямэтраў ад гораду Івацэвічы на Берасьцейшчыне. Спаленая нацыстамі і адроджаная наноў пасьля вайны, вёска цяпер памірае — тут засталося ўсяго два жыхары.
Цяпер аўтакрама прыяжджае ў акружаную лясамі вёску Зыбайлы толькі два разы на тыдзень замест трох. Нават прыдарожнага знаку з назвай вёскі тут няма — прыежджых сустракае толькі крыж, убраны ручнікамі.
Жыве тут двое пэнсіянэраў. Прычым адзін зь іх, Васіль Нікіціч, нават у свае 88 ня хоча зьяжджаць у горад да дзяцей.
«Так вось і сяджу. Унучка ўсё ў горад запрашае забраць. Ну але што я там сядзець буду? Яна на працу пойдзе — і сядзі ў той хаце. Ды там чужое месца! А тут усё сваё, свая хата. Прывыкшы. Пакуль маразоў ня будзе, нікуды я не пайду», — кажа Васіль Ігнатавіч.
Пярэчым, кажам, што ў горадзе ж хоць пагаварыць было б з кім.
«Ну вось паеду я да ўнучкі, а з кім я там буду гаварыць? Яна раніцай пойдзе на працу і прыйдзе ў шэсьць. То тут усё ж лепей, дома».
Васіль Нікіціч прыгадвае, што раней у вёсцы было шмат людзей, на вуліцах стаяў гоман, сьпявалі песьні. Суразмоўца мяркуе, што людзі цяпер зьмяніліся — раней жа яны жылі «бліжэй адзін да другога», хадзілі «на вячоркі» ды проста пагаварыць.
«Раней выйдзі на двор — тут сьпяваюць, там сьпяваюць. А сёньня глуха ўсюды. Дый у горадзе глуха — адзін да другога ня ходзяць, хіба на вуліцы дзесьці сустрэнуцца», — кажа Васіль Нікіціч.
Суразмоўца скардзіцца на часты галаўны боль, кажа, што часам яму цяжка нават падняцца з ложка. Тэлевізар, кажа пэнсіянэр, амаль перастаў глядзець, бо апошнім часам шмат забаўляльных перадач з гучнымі песьнямі, якія з галаўным болем цяжка глядзець.
Прайшоўшы па Зыбайлах, бачыш дзясятак пустых хат. Некаторыя зусім закінутыя і пакрысе разбураюцца. У цэнтры вёскі — помнік загінулым у вайну жыхарам.
Трагічная гісторыя і цьмяная будучыня
Гісторыя Зыбайлаў трагічная. У 1942 годзе ў часе карнай апэрацыі «Балотная ліхаманка» вёску спалілі нацысты. Тут быў партызанскі край, і, палячы вёску, акупанты помсьцілі жыхарам за дапамогу партызанам. Тым ня меней, у адрозьненьне ад іншых вёсак, пасьля вайны жыхары яе аднавілі.
Аднак цяпер, кажа Васіль Нікіціч, вёска памірае, і пэрспэктываў яе адраджэньня ён ня бачыць.
«Старыя папаміралі, а маладыя зьяжджаюць... Адзін пляменьнік тут маладзейшы за мяне, толькі на пэнсію пайшоў. І больш няма тут нікога. Вёскі ўсе аджываюць... І Яблонцы (суседняя вёска. — РС) гадоў 15 засталося», — пэсымістычна кажа Васіль Нікіціч.
З маладзейшым пляменьнікам Васіля Нікіціча пагаварыць не ўдалося. Спадар Васіль жартуе, што ў выпадку, калі давядзецца зьехаць у люты мароз да ўнукаў, прыйдзецца яго пляменьніку «аднаму тут вёску вартаваць».
Пры разьвітаньні з Васілём Нікіцічам яшчэ выразьней разумееш, што вёсцы сапраўды мала засталося.
«Ой, ня трэба!» — адказвае спадар Васіль на разьвітальнае пажаданьне жыць сто гадоў.