Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мянялася «Мапа свабоды прэсы» 2005-2013

Арганізацыя «Рэпартэры бяз межаў» апублікавала «Усясьветны індэкс свабоды прэсы», паводле якога Беларусь — на 157-ым месцы. Пасьля Эфіёпіі, Бірмы, Гамбіі і Азэрбайджану.

У справаздачы адзначаецца, што пасьля «арабскай вясны» ды іншых палітычных катаклізмаў, якія паўплывалі на становішча некаторых краінаў у леташнім рэйтынгу, сёлета рэйтынг вярнуўся да больш звыклай канфігурацыі. Гэта індэкс зьяўляецца добрым адлюстраваньнем пазіцыяў урадаў у дачыненьні да сродкаў масавай інфармацыі ў сярэднетэрміновай альбо доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Прыкметна, што бяз зьменаў засталіся як тройка лідэраў — краінаў, дзе ўрад паважае свабоду СМІ (Фінляндыя, Нідэрлянды і Нарвэгія), так і аўтсайдэраў (Туркмэністан, Паўночная Карэя і Эрытрэя).

Адной з найбольш небясьпечных краінаў для журналістаў названая Сырыя (176 месца), дзе журналісты і актыўныя карыстальнікі сацыяльных сетак зрабіліся ахвярамі як рэжыму Асада, так і апазыцыйных груповак, якія таксама выявілі нецярпімасьць да іншадумства. У Амане (141 месца) пракацілася хваля арыштаў карыстальнікаў Інтэрнэту.

Што датычна Беларусі, дык яна ў справаздачы разглядаецца разам з Азэрбайджанам. І хаця абедзьве краіны нібыта палепшылі свае паказьнікі (Азэрбайджан са 162 месца ўзьняўся на 156-ае, а Беларусь — са 168-га на 157-ае), але аўтары справаздачы зьвязваюць гэта з тым, што год таму на рэйтынг уплывалі гвалтоўныя падаўленьні апазыцыйных пратэстных акцый.

XS
SM
MD
LG