Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тром графіцістам прад’явілі канчатковыя абвінавачваньні, аднаго перавялі ў сьведкі


Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Яраслаў Ульяненкаў і Вячаслаў Касінераў пабывалі на допытах ва ўпраўленьні Сьледчага камітэта па горадзе Менску для «азнаямленьня з вынікамі экспэртызы і прад’яўленьня канчатковага абвінавачваньня».

Вадзіму Жаромскаму і Вячаславу Касінераву пакінулі абвінавачваньне па ч. 2 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства, учыненае групай асобаў). Юнакам па гэтым артыкуле пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да трох гадоў альбо пазбаўленьне волі ад аднаго да шасьці гадоў.

Таксама Вадзіму Жаромскаму дадалі артыкул 341 КК (апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці). Яму пакінулі ўсе тры эпізоды справы: нанясеньне графіці «Беларусь мае быць беларускай» і графіці «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», а таксама псаваньне фарбай сацыяльнага банэра з выявай супрацоўнікаў міліцыі, што пацягнула матэрыяльную шкоду на 2 млн 200 тысяч беларускіх рублёў.

Максіма Пякарскага сьледчыя дапытвалі каля дзвюх гадзінаў і ў выніку паведамілі, што па крымінальнай справе абвінавачваньне перакваліфікаванае на артыкул «апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці». У якасьці пакараньня гэты артыкул прадугледжвае штраф, грамадзкія працы або арышт тэрмінам да 3 месяцаў. З Максіма зьнятае абвінавачваньне за псаваньне білборда, але пакінутыя два эпізоды з нанясеньнем беларускамоўных графіці. Экспэртыза графіці паказала, што прыкметаў экстрэмізму на малюнках ня выяўлена.

Усім тром мерай стрыманьня абраная падпіска аб нявыезьдзе.

Зь Яраслава Ульяненкава зьнялі ўсе ранейшыя абвінавачваньні і паведамілі пра спыненьне крымінальнага перасьледу.

11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя за беларускамоўныя графіці, а таксама запэцкаваньне фарбай сацыяльнага білборда з выявамі міліцыянтаў. Праваабарончы цэнтар «Вясна» заклікаў спыніць крымінальны перасьлед графіцістаў і заявіў, што калі іх асудзяць, яны будуць прызнаныя палітвязьнямі.

Ці можна казаць, што пасьля перакваліфікацыі абвінавачаньні графіцістам сталі больш мяккімі ці наадварот?

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч так адказаў на гэта пытаньне карэспандэнту Свабоды:

«Можна казаць так і так. З аднаго зьнялі ўсе абвінавачаньні і перавялі ў статус сьведкі. Адносна другога абвінавачаньне перакваліфікавалі на больш мяккае і адносна двух пакінулі „злоснае хуліганства“ за псаваньне білборда.

У прынцыпе графіці кваліфікаваць як псаваньне маёмасьці можна. Гэта артыкул больш мяккі, прадугледжвае пакараньне да трох месяцаў арышту. Але хлопцы сплацілі нанесеную шкоду, і я спадзяюся, што іх не пакараюць пазбаўленьнем волі. У прынцыпе гэта дае магчымасьць сьледчым спыніць справу і распачаць адміністратыўную.

Што да білборда, то яго ўладальніку шкода была сплачаная, і тут можна пайсьці на прымірэньне бакоў.

Я спадзяюся, што калі і будзе пакараньне, то яно ня будзе зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Бо тут наша пазыцыя застаецца нязьменнай — дзеяньні графіцістаў ня несьлі нейкай сур’ёзнай грамадзкай небясьпекі.

Што да графіці, то тут мы ня бачым складу злачынства па артыкуле «хуліганства», які першапачаткова інкрымінавалі хлопцам за графіці. Экспэртыза графіці ня выявіла ніякіх прыкметаў экстрэмізму.

Напачатку з заявы Сьледчага камітэту вынікала, што затрымалі ледзь не тэрарыстычную групоўку, прычым затрымалі вельмі жорстка. То бок прадстаўнікі сьледчых органаў адразу палітызавалі гэту справу, прычым на той момант віна хлопцаў не была ўстаноўлена. На той момант было абсалютна няправільным галаслоўна сьцьвярджаць пра нейкія праявы экстрэмізму. А цяпер аказваецца, што яны ўчынілі зусім нязначныя правапарушэньні.

Я спадзяюся, што тут усё будзе вырашана адэкватна. А калі пацярпелы выявіць згоду прымірыцца, то гэтая справа будзе спынена».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG