Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны-222: Гомель. «Уладам я ня веру», — прадпрымальніца Натальля


Прудкоўскі рынак у Гомелі
Прудкоўскі рынак у Гомелі

Гомельская прадпрымальніца Натальля па адукацыі — эканаміст-мэнэджэр, завочна вучылася ў адным з расейскіх інстытутаў.

Апошнія паўтара дзесяцігодзьдзі яе жыцьцё зьвязанае з Прудкоўскім рынкам, дзе ўдваіх з мужам Натальля арандуе два гандлёвыя ралеты.

«З гэтага гандлёвага «пятачка» ўсе даходы нашай сям’і. Сама з мужам жыву, сына вучым, ды яшчэ й дзяржаву падтрымліваем. Падаткі, арэнда, выплаты ў фонд сацыяльнай абароны — усё з гэтага «пятачка», — тлумачыць Натальля.

Два месяцы — студзень і люты — Натальля, як і большасьць прадпрымальнікаў Прудкоўскага рынку, не працавала на знак пратэсту — указ № 222 зь ягоным патрабаваньнем мець сэртыфікат якасьці й таварна-транспартныя накладныя на кожны від тавару паставіў прадпрымальнікаў на мяжу выжываньня. Натальля заўважае, што на маскоўскіх аптовых рынках, дзе яны з мужам найчасьцей набываюць і мужчынскае, і жаночае адзеньне, зь беларускіх прадпрымальнікаў толькі пасьмейваюцца:

«Вам патрэбны тавар ці паперкі? Хочаце тавару — бярыце, хочаце паперак — шукайце паперкі».

Зімовыя «канікулы» ў Натальлі пайшлі на тое, каб крыху адпачыць і знайсьці патрабаваныя паводле ўказу № 222 суправаджальныя паперкі на некаторыя курткі ды іншыя строі для мужчын, каб з пачаткам сакавіка аднавіць працу на рынку. Сядзець больш дома не выпадала, бо ашчаджэньні хутка выветрываліся. Да таго ж сына трэба вучыць.

«Знайшла я некаторыя тавары з дакумэнтамі ў Расеі, — кажа прадпрымальніца, — але кошт закупу адразу аказаўся вышэйшы на 40 адсоткаў. І мне ж трэба хоць крышачку зарабіць. Цяпер вось называю людзям новы кошт, дык яны мне ў вочы адкрыта заяўляюць: «Таньней ва Ўкраіну ці ў Расею зьезьдзіць і там адзецца».

Закупляць тавары беларускай лёгкай прамысловасьці Натальля наагул ня бачыць сэнсу:

«Ну хто, скажыце, пойдзе іх набываць на рынак, калі яны ёсьць у крамах? Гэта ж абсурд! Калі б аптавікі адпускалі нам тавары ў адпаведнасьці зь беларускімі заробкамі, можна было б яшчэ нешта рэалізоўваць. А калі няма асаблівага выбару і завоблачныя кошты, то няма чаго шчокі надзімаць: купляйце беларускае, купляйце беларускае! Пакупнікоў з нашымі заробкамі надзвычай мала — людзі зьбяднелі».

Цяпер Натальля шкадуе, што не згарнула з мужам свой дробны бізнэс адразу пасьля Новага году, а заплаціла за два месяцы і арэнду, і ўнёсак у фонд сацыяльнай абароны — агулам каля 17 мільёнаў. Кінуць-рынуць усё не выпадае — хоча адквітаць хоць частку выдаткаў:

«Я ўжо працавала б дзе-небудзь у Расеі — у Клінцах ці Навазыбкаве.

Бо ў нас тут няма пэрспэктывы — ужо многія пазакрываліся. А хто ўзяў беларускі тавар, той ужо ня раз пашкадаваў».

Прадпрымальніца не пагаджаецца зь сьцьвярджэньнямі чыноўнікаў, што з-за прадпрымальнікаў беларуская лёгкая прамысловасьць прыйшла ў заняпад:

«Ага, мы й трактарную, і камбайнавую вытворчасьць агаломшылі. І „малочку“ Расея пастаянна бракуе з-за нас. Усюды прадпрымальнікі вінаватыя. Я б з задавальненьнем паехала 14 сакавіка ў Менск на плошчу, каб сказаць, хто вінаваты, але, шчыра кажу, у мяне не атрымаецца. Месяц ці два папрацую — і буду вырашаць, ці згортваць тут начыста ўвесь свой бізнэс, ці нешта пакінуць».

Падобны настрой у бальшыні прадпрымальнікаў, з кім давялося гутарыць на Прудкоўскім рынку.

«Тут многія працуюць да першай сур’ёзнай праверкі.

Стаяць „на авось“, бо ня ведаюць, куды падзець усе свае тавары», — тлумачыць сытуацыю прадпрымальніца Тацяна, што гандлюе літаральна за дзесяць мэтраў ад Натальлі.

Сядзець бяз справы й чакаць, пакуль так званыя «працоўныя групы», утвораныя ўладамі ў адказ на масавыя пратэсты прадпрымальнікаў, да нечага дамовяцца, Натальля не зьбіраецца:

«Я нагледзела сабе крамку для арэнды ў Клінцах — буду там пакрысе разгортваць гандаль. Можна чакаць тыдзень ці два, пакуль урадавыя працоўныя групы скумекаюць і штосьці вырашаць у сваіх кабінэтах разам з адміністрацыяй прэзыдэнта. Але ж пайшоў ужо трэці месяц, а яны ўсё яшчэ кансультуюцца, разрахоўваюць, узгадняюць За гэты час можна было ўжо нават на Месяц зьлётаць, узгадніць там усё з марсіянамі і назад вярнуцца. А беларускія чыноўнікі толькі імітуюць дзейнасьць, але нічога годнага не прадукуюць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG