У працэсе над былымі банкірамі зь «Беларусбанку» Генадзем Гаспадарыкам і Мікалем Цырто абвешчаны перапынак да 25 ліпеня.
Сёньня падсудныя адмовіліся даваць паказаньні ў судзе паводле выстаўленага ім абвінавачаньня ў атрыманьні вялікіх сумаў хабару. Генадзь Гаспадарык сказаў, што «сёньня не гатовы даваць паказаньні», а Мікалай Цырто заявіў суду, што дасьць паказаньні толькі пасьля таго, як будуць дапытаныя сьведкі і дасьледаваныя іншыя доказы ягонай віны. Спачатку суд не прыслухаўся да думкі падсудных, што судовае расьсьледаваньне належыць распачаць ня зь іхных паказаньняў, а з допыту сьведак, але потым судовая калегія зацьвердзіла менавіта такі парадак.
На 25 ліпеня ў суд выклікаюць першых сьведак. Усяго ў справе, паводле прадстаўніка дзяржаўнага абвінавачаньня Юрыя Шарсьнёва, 46 сьведак, справа налічвае больш за 10 тамоў. Віну Генадзя Гаспадарыка і Мікалая Цырто, паводле пракурора, даказваюць іхныя прызнаньні падчас сьледзтва, паказаньні сьведак, банкаўскія дакумэнты ды іншыя матэрыялы справы.
Былы першы намесьнік старшыні праўленьня «Беларусбанку» Генадзь Гаспадарык абвінавачваецца ў атрыманьні хабару ў вялікім памеры і перавышэньні ўлады, яму пагражае 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Паводле матэрыялаў справы, Генадзь Гаспадарык атрымаў хабару больш як на 215 тысяч даляраў і аказваў дапамогу пэўным камэрцыйным фірмам ў атрыманьні выгадных замоваў на пастаўку ў банк абсталяваньня. Гэтым, паводле сьледзтва, Гаспадарык нанёс банку стратаў амаль на чвэрць мільёну даляраў. Віну ў хабарніцтве Генадзь Гаспадарык прызнаў цалкам, а вось тое, што злоўжываў уладай дзеля дапамогі камэрсантам, адмаўляе.
Яшчэ больш хабару, паводле сьледчых, набраў Мікалай Цырто, падначалены Генадзя Гаспадарыка, які працаваў у «Беларусбанку» намесьнікам дырэктара дэпартамэнту працы з каштоўнасьцямі. У першым эпізодзе, інкрымінаваным Цырто, ідзе гаворка пра 220 тысяч даляраў хабару, у другім — пра 250 тысяч. Паводле сьледзтва, гэта Мікалай Цырто схіліў даць хабар бізнэсоўца Аляксандра Бучнева, чые фірмы займаліся пастаўкамі абсталяваньня для «Беларусбанку».
Дарэчы, Аляксандар Бучнеў фігуруе ў справе ў некалькіх эпізодах аб дачы хабару і Генадзю Гаспадарыку. Вядома, Аляксандра Бучнева будуць дапытваць у асобны дзень.
«Да яго вельмі шмат пытаньняў», — сказаў журналістам адзін з удзельнікаў працэсу.