Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала лепей з карупцыяй, горш з дэмакратыяй: Freedom House пра Беларусь у дакладзе пра «пераходныя краіны»


Ілюстрацыйнае фота, затрыманьні актывістаў на плошчы Якуба Коласа ў Менску, 25 сакавіка 2018 году
Ілюстрацыйнае фота, затрыманьні актывістаў на плошчы Якуба Коласа ў Менску, 25 сакавіка 2018 году

Экспэрты міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House апублікавалі чарговае штогадовае дасьледаваньне пра «Краіны ў пераходным пэрыядзе», у якім ацэньваюць разьвіцьцё дэмакратычных інстытутаў у краінах Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёвай Эўропы.

19 з 24 краінаў у дасьледаваньні маюць паказьнікі, горшыя за ранейшыя. Найбольшае зьніжэньне рэйтынгаў паказалі Вугоршчына і Польшча, прычым Вугоршчына паказала рэкорднае зьніжэньне па ўсіх парамэтрах за 23-гадовую гісторыю дасьледаваньня. У ліку краінаў, якія пагоршылі паказьнікі, таксама былі Расея, Украіна, Літва і Латвія — усе суседзі Беларусі.

«Нелібэральная палітыка становіцца новай нормай у Эўропе, — заявіў на прэзэнтацыі дакладу прэзыдэнт Freedom House Майкл Абрамовіц. — Арганізаваныя ўрадам паклёпніцкія кампаніі, накіраваныя супраць групаў грамадзянскай супольнасьці, журналістаў і палітычнай апазыцыі, былі ўпершыню зафіксаваныя ў Расеі і Цэнтральнай Азіі, але цяпер яны становяцца ўсё больш звыклымі ва ўсім рэгіёне. Мы больш ня можам гаварыць, што гэтая праблема абмежаваная тэрыторыямі адной ці дзьвюх краінаў».

Рэйтынгі краінаў паводле сумы паказьнікаў і ў асобных паказьніках
Рэйтынгі краінаў паводле сумы паказьнікаў і ў асобных паказьніках

Беларусь не зьмяніла сумарны паказьнік «дэмакратычнасьці» — 6,61 з 7 балаў (паказьнік 1-3 балы адпавядае кансалідаванай дэмакратыі, 6-7 балаў кансалідаванаму аўтарытарнаму рэжыму).

Паводле справаздачы, у Беларусі крыху лепшай стала сытуацыя ў барацьбе з карупцыяй, горшай — з «нацыянальным дэмакратычным кіраваньнем».

Беларусь стала такой жа «дэмакратычнай», як Расея (пагоршылася з 6,57 да 6,61 бала). Горшы паказьнік маюць толькі Азэрбайджан (6,93, не зьмяніўся), Казахстан (пагоршыўся з 6,64 да 6,71), Таджыкістан (пагоршыўся з 6,64 да 6,79), Туркмэністан (6,96, не зьмяніўся) і Ўзбэкістан (палепшыўся з 6,96 да 6,89).

Краіны, пазначаныя бэзавым колерам, маюць найгоршыя рэйтынгі як дзяржавы, дзе ўкараніўся кансалідаваны аўтарытарны рэжым
Краіны, пазначаныя бэзавым колерам, маюць найгоршыя рэйтынгі як дзяржавы, дзе ўкараніўся кансалідаваны аўтарытарны рэжым

Пра Беларусь пішуць як пра дзяржаву, дзе «акапаўся» пэрсаніфікаваны аўтарытарны рэжым, які трымае ўладу жалезнай рукой, душыць палітычную канкурэнцыю, змагаецца з актывістамі і журналістамі, якія адважваюцца выступаць супраць уладаў. Але адзначаецца, што такія рэжымы цяжка назваць пасьпяховымі: крызісы 2008 і 2014 гадоў і завяршэньне сыравіннага буму пакінулі рэгіён у здранцьвеньні, падоўжыўшы яшчэ на дзесяцігодзьдзе наступствы постсавецкай спадчыны кепскіх інвэстыцыяў у фізычную інфраструктуру і чалавечы капітал.

«Пуцін будзе кіраваць Расеяй да 2024 году, — упэўнена пішуць у дасьледаваньні. — Нават калі ён устрымаецца ад зьмены Канстытуцыі, каб даць сабе яшчэ шэсьць гадоў пасьля гэтага, на момант заканчэньня тэрміну ён будзе прэзыдэнтам ці прэм’ер-міністрам 25 гадоў. Гэта будзе спадчына Пуціна: чвэрць стагодзьдзя змарнаваная на хаджэньне па коле адным шляхам з Казахстанам, Узбэкістанам, Таджыкістанам, Азэрбайджанам і Беларусьсю, дзе лідэр ня ў стане рабіць нейкія рэальныя рэформы сыстэмы, бо сам стаў сыстэмай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG